20 лістапада, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Рэспубліканская федэрацыя баявых мастацтваў "Айкібуда" выступіла з ініцыятывай стварэння цэнтра ўсходняй культуры ў Віцебску на базе мясцовай школы баявых мастацтваў. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня федэрацыі Генадзь Фралоў, ён ужо заручыўся падтрымкай кіраўніка мінскага грамадскага аб'яднання ўсходняй культуры і традыцый "Хагакурэ" Святаслава Гаеўскага.
"У нас вельмі добра развіты баявыя мастацтвы. Яны маюць на мэце не толькі вывучэнне баявых тэхнік, але і традыцый, японскай тэрміналогіі, знаёмства з усходняй культурай. Таму мы хочам пры падтрымцы мясцовых органаў улады і тэхнічнай дапамозе "Хагакурэ" арганізаваць у Віцебску паўнацэнны цэнтр, дзе можна вывучаць мастацтва чайнай цырымоніі, ікебаны, жывапісу і каліграфіі, вывучыць японскую мову. У Віцебску ёсць энтузіясты, якім цікавыя гэтыя напрамкі, трэба толькі прайсці адпаведнае навучанне. Гэта патрабуе часу і цярпення, тым больш што ўсходнія людзі, як вядома, не любяць спяшацца", - растлумачыў Генадзь Фралоў.
"Айкібуда" дзейнічае ў Віцебску і строга прытрымліваецца праграмы навучання, устаноўленай і стандартызаванай па ўсёй сістэме. Заняткі праходзяць у залах, аформленых у традыцыйным стылі, з выкарыстаннем японскай тэрміналогіі. Займаюцца і дзеці, і дарослыя. Айкібуда - комплекснае баявое мастацтва, якое захавала традыцыі самурайскіх баявых мастацтваў старажытнай Японіі.
Грамадскае аб'яднанне ўсходняй культуры і традыцый "Хагакурэ" створана ў Мінску пры падтрымцы пасольства Японіі ў Беларусі ў мэтах садзейнічання навучанню і асваенню яго членамі багаццяў японскай і славянскай культурнай спадчыны; вывучэння і прапаганды дасягненняў японскага і славянскага народаў у галіне мастацтваў, традыцый, спорту, культурнай спадчыны.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|