Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

14 Dec 2014

Сяргей Крывец прызнаны лепшым футбалістам Беларусі 2014 года

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепшым футбалістам Беларусі па выніках 2014 года прызнаны паўабаронца нацыянальнай зборнай Сяргей Крывец. Аб гэтым рашэнні выканкама асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ) было аб'яўлена на традыцыйнай падагульняючай цырымоніі "Зорны мяч-2014", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Наваспечаны лаўрэат пачынаў сезон у барысаўскім БАТЭ, а ў канцы жніўня заключыў трохгадовы кантракт з клубам элітнага дывізіёна чэмпіянату Францыі "Мец". Сяргей Крывец, якому цяпер 28 гадоў, таксама прызнаны лепшым паўабаронцам беларускага першынства. Акрамя таго, ён удастоены прыза імя легендарнага беларускага футбаліста Аляксандра Пракапенкі "За футбольны талент і за самааддачу пры гульні за Беларусь".

Лепшым футбалістам 24-га чэмпіянату Беларусі стаў паўабаронца сярэбранага прызёра мінскага "Дынама" Ігар Стасевіч. Сярод галкіпераў лаўрэатам названы варатар бронзавага прызёра салігорскага "Шахцёра" Артур Каценка, лепшым абаронцам стаў чэмпіён краіны ў складзе барысаўскага БАТЭ Ягор Філіпенка, а яго аднаклубнік Міхаіл Гардзяйчук названы лепшым нападаючым беларускага першынства-2014.

Самым меткім стаў форвард салігорскага "Шахцёра" Мікалай Януш, які забіў 15 мячоў у мінулым чэмпіянаце.

Былы настаўнік БАТЭ Віктар Ганчарэнка, які працаваў у мінулым сезоне ў краснадарскай "Кубані", прызнаны лепшым трэнерам Беларусі.

Былі названы лаўрэаты і ў камандных намінацыях. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў чэмпіён барысаўскі БАТЭ (сярэдняя наведвальнасць аднаго матчу барысаўчан - 4 546 гледачоў).

Мінскае "Дынама" атрымала прыз "Справядлівай гульні", як самая карэктная каманда мінулага першынства.

Прыза "За волю да перамогі" ўдастоена бабруйская "Белшына".

Лепшай судзейскай брыгадай сталі рэферы Сяргей Цынкевіч, Дзмітрый Жук і Віталь Малюцін.

Сярод футбалістак лепшай прызнана Ліяна Мірашнічэнка, якая разам з сяброўкамі па ФК "Мінск" стала чэмпіёнкай Беларусі.

Уладзімір Ждановіч з мінскай "Сталіцы" атрымаў прыз лепшага іграка ў міні-футболе, а Ігар Брыштэль стаў лаўрэатам сярод майстроў пляжнага футбола.

Па існуючай традыцыі, падарункі ад АБФФ і спонсараў былі ўручаны ветэранам беларускага футбола Эдуарду Малафееву, Міхаілу Мустыгіну, Веньяміну Арзамасцаву, Івану Савосцікаву, Мікалаю Падшываленку, Юрыю Пышніку і іншым праслаўленым майстрам мінулых гадоў.

Падводзячы вынікі футбольнага года, старшыня АБФФ Сяргей Румас адзначыў, што сезон выдаўся кантрасным. З аднаго боку барысаўскі БАТЭ і мінскае "Дынама" прабіліся ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы, праўда, выступілі там няўдачна. Аднак сам выхад на такі высокі ўзровень адразу двух беларускіх клубаў заслугоўвае пахвалы. Не парадавала аматараў футбола зборная Беларусі, якая дрэнна стартавала ў адборачным турніры Еўра-2016, але балельшчыкі разлічваюць, што новы трэнерскі штаб галоўнай каманды краіны зможа выправіць стан спраў. Сяргей Румас таксама адзначыў, што ў 2014 годзе была адкрыта сучасная "Барысаў-Арэна", якая адпавядае самым высокім міжнародным патрабаванням. Кіраўнік АБФФ расказаў, што ў новым сезоне павінна пачацца будаўніцтва нацыянальнай футбольнай арэны ў Мінску, якую плануецца ўвесці ў строй да 2019 года. Акрамя таго, адным з асноўных прыярытэтаў у рабоце футбольнай федэрацыі будзе развіццё дзіцяча-юнацкіх школ і работа з балельшчыкамі, паведаміў Сяргей Румас.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі