Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Sep 2015

Шосты том факсімільнага выдання Францыска Скарыны прадставяць гасцям Дня беларускага пісьменства

4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шосты том факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны будзе прадстаўлены гасцям XXII Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Праект шматтомнага факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" разлічаны на 2013-2017 гады і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў 2017 годзе. Ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі праекта з'яўляюцца Нацыянальная бібліятэка і Банк БелВЭБ. Свята беларускага пісьменства ў Шчучыне дасць старт падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Раней убачылі свет пяць кніг беларускага першадрукара: "Кніга Быцця", "Кніга Выхад", "Кніга Лявіт", "Кніга Лічбы", "Кніга Другі закон". Першы экзэмпляр шостага тома "Кніга Iова" будзе ўрачыста перададзены ў дар Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы 6 верасня.

Факсіміле беларускага першадрукара выдадзены па благаславенні мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі пры фінансавай падтрымцы Банка БелВЭБ.

Усе выданні суправаджаюцца каментарыямі вучоных, а таксама перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы.

Шматтомнае факсімільнае выданне дасць магчымасць упершыню сабраць поўны рэпертуар кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе і Вільні. У яго аснову пакладзены электронныя копіі кніг, што добра захаваліся, якія знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі