Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Жнв 2014

Сетка платных дарог Беларусі з 1 жніўня павялічана на 256 км

1 жніўня, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Сетка платных аўтамагістралей у Беларусі павялічана сёння на 256 км. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе нацыянальнай электроннай сістэмы збору платы за праезд па аўтадарогах краіны BelToll.

Адпаведнае рашэнне замацавана ў пастанове ўрада Беларусі ад 23 ліпеня бягучага года нумар 710 (апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 30 ліпеня), якая ўступае ў сілу з 1 жніўня. Дакументам дапоўнены пералік платных дарог, дзе цяпер спаганяецца плата за праезд транспартных сродкаў з дапамогай электроннай сістэмы. Такім чынам, карыстальнікам трэба аплаціць праезд па ўчастках дарог М-5/Е 271 Мінск - Гомель, М-6/Е 28 Мінск - Гродна - граніца Польшчы (Брузгі), М-7/Е 28 Мінск - Ашмяны - граніца з Літвой (Каменны Лог) і Р-1 Мінск - Дзяржынск. У выніку агульная працягласць сеткі платных аўтамагістралей у краіне склала 1 189 км.

Другі этап стварэння сістэмы BelToll прадугледжвае адкрыццё васьмі пунктаў абслугоўвання карыстальнікаў, у тым ліку ў Мінску, Гродне, Шчучыне, Ашмянах, Мар'інай Горцы.

Паводле прагнозаў ЗТАА "Капш Тэлематык Сэрвісіз", чарговае пашырэнне сістэмы прывядзе да росту агульнай колькасці зарэгістраваных транспартных сродкаў прыкладна на 10-15 працэнтаў і дасягне 200 тыс.

У размове з карэспандэнтам БЕЛТА менеджар па сувязях з грамадскасцю кампаніі-аператара BelToll ЗТАА "Капш Тэлематык Сэрвісіз" Сяргей Буры адзначыў: "Мы выйшлі на праектныя магутнасці. Сёння сістэма працуе так, як было задумана, і адпавядае праекту". Калі фіксуюцца няспраўнасці або пэўныя няштатныя сітуацыі, яны аператыўна выпраўляюцца, запэўніў ён. У цэлым, паводле яго даных, карыстальнікі платных дарог Беларусі дапускаюць прыкладна ў 10 разоў менш парушэнняў правіл праезду, чым у самым пачатку камерцыйнай эксплуатацыі BelToll. Нягледзячы на гэта, у кампаніі-аператары сістэмы працуе аддзел работы з кліентамі, якія звяртаюцца з прэтэнзіямі, спрэчнымі пытаннямі і маюць намер разабрацца ў рашэннях, прынятых па пэўных сітуацыях. "Кожны зварот мы разглядаем індывідуальна", - падкрэсліў Сяргей Буры.

BelToll - гэта электронная сістэма збору платы за праезд, якая заснавана на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях, што дае магчымасць спаганяць зборы з карыстальнікаў дарогі без спынення транспартных сродкаў. Яе камерцыйная эксплуатацыя пачата ў Беларусі 1 жніўня 2013 года.

У адпаведнасці з указам нумар 426 ад дарожных збораў вызваляюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі краін Мытнага саюза, з тэхнічна дапушчальнай агульнай вагой не большай за 3,5 т. Бясплатна могуць праехаць мапеды і матацыклы, зарэгістраваныя ў Беларусі, колавыя трактары і самаходныя машыны, транспартныя сродкі аператыўнага прызначэння, а таксама якія выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння абараназдольнасці і правапарадку. Не трэба плаціць вадзіцелям маршрутак для гарадскіх перавозак пасажыраў, аўтамабіляў, што прымяняюцца для аказання меддапамогі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый або перавозак грузаў гуманітарнай дапамогі насельніцтву Беларусі і іншых краін.

Уладальнікам электроннай сістэмы збору платы за праезд па аўтатрасах з'яўляецца ДУ "Белаўтастрада". Кіруе работай BelToll у Беларусі кампанія-аператар ЗТАА "Капш Тэлематык Сэрвісіз", у задачы якой уваходзяць забеспячэнне належнага функцыянавання сістэмы і ажыццяўленне ўсіх неабходных функцый, звязаных з яе дзейнасцю. Кантралюе спагнанне збораў на платных аўтамагістралях ДУ "Транспартная інспекцыя".

Платныя дарогі Беларусі

  

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі