16 лістапада, Сафія /Кар. БЕЛТА/. Руслан Асланаў правёў першую рэпетыцыю на сцэне канцэртна-спартыўнага комплексу "Арэна Армеец" у Сафіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі ўдзельнік дзіцячага "Еўрабачання-2015" некалькі разоў выканаў сваю песню "Чараўніцтва", каб прывыкнуць да работы з вушным маніторам, паколькі гэта даволі складана для дзіцяці, якое ўпершыню выкарыстоўвае яго ў выступленні.
"Пакуль мы толькі правяралі гук. Потым мы адслухалі запіс рэпетыцыі і ўнеслі пэўныя карэктывы ў гучанне і карцінку, якая будзе паказвацца па тэлевізары. У цэлым усё прайшло даволі гладка. Зразумела, песня не магла гучаць як на пласцінцы - гэта ж жывое выступленне, былі невялікія праблемы", - расказала вакальны прадзюсар Вольга Драздова.
Паводле яе слоў, на якасць выканання магло паўплываць і тое, што рэпетыцыя праходзіла раніцай, калі галасавы апарат яшчэ спіць. "Але нават улічваючы гэта, я засталася цалкам задаволена", - адзначыла прадзюсар.
Перад канцэртам, які пройдзе ў суботу, 21 лістапада, Руслана чакае яшчэ некалькі рэпетыцый на сцэне "Арэна Армеец".