20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 80 работ мастакоў з 25 краін будуць прадстаўлены на міжнароднай выставе сучаснага мастацтва "Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока" ў беларускай сталіцы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 21 снежня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага з удзелам прадстаўнікоў Мінгарвыканкама, дыпкорпуса, Міністэрства культуры.
З ідэяй гэтага праекта ў Год культуры выступіла пасольства Беларусі ў Францыі, яе падтрымалі Міністэрства замежных спраў, пасольства Беларусі ў краінах Еўразіі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Выстава праводзіцца пад патранатам ЮНЕСКА. Праект адлюстроўвае палажэнне Усеагульнай дэкларацыі ЮНЕСКА аб тым, што павага разнастайнасці культур, цярпімасць, дыялог і супрацоўніцтва ў абстаноўцы даверу і ўзаемаразумення з'яўляюцца лепшым залогам міжнароднага міру і бяспекі.
Выстава будзе працаваць з 21 снежня 2016-га па 5 лютага 2017 года.