Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Врс 2013

Прэм'ера балета "Вітаўт" адбудзецца ў Вялікім тэатры Беларусі 5-6 верасня

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цудоўная прэм'ера балета ў 2-х дзеях "Вітаўт" Вячаслава Кузняцова пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь 5-6 верасня. Нацыянальным праектам галоўная музычная сцэна краіны адкрые свой 81-ы тэатральны сезон, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У пастаноўцы адлюстраваны гістарычныя падзеі ВКЛ XIV - XV стагоддзяў. У аснове сюжэту барацьба за трон паміж братамі Вітаўтам і Ягайлам.

Новы спектакль - своеасаблівая сцэнічная фантазія з захапляючым сюжэтам пра каханне і здрадніцтва. Пастаноўшчыкі паспрабавалі зрабіць Вітаўта сапраўдным воінам, разумным і мужным, закаханым у далікатную і пяшчотную Ганну. Ягайла паўстане перад гледачамі як моцны, але каварны і скрытны воін, каралева Ядвіга - гордай і валявой жанчынай. Асаблівую атмасферу ў спектаклі створаць Чорны Чалавек і Белы Блазан, паміж якімі завяжацца тонкая напружаная інтрыга.

"Вітаўт" атрымаўся складаным мужчынскім балетам. Жаночыя персанажы будуць толькі адцяняць мужнасць галоўных герояў. "Пастаноўка можа або падабацца, або не падабацца. Галоўнае, каб яна закранула душу гледача. Усё, што мы маглі сказаць, мы сказалі", - адзначыў харэограф-пастаноўшчык народны артыст Беларусі Юрый Траян.

Дырыжор-пастаноўшчык Вячаслаў Воліч адзначыў самабытную і ў той жа час сучасную музыку да спектакля. Паводле яго слоў, кампазітар аб'яднаў у партытуры атмасферу таго часу і драматургічны пульс. "Кузняцоў уважліва падышоў да выбару выяўленчых сродкаў. Тут можна пачуць праславянскія гучанні. У той жа час у спектаклі няма ніводнай цытаты, гэта ўсё сродкі кампазітарскай выразнасці", - сказаў Вячаслаў Воліч, дадаўшы, што ў музыцы прасочваецца аналогія з творчасцю Сяргея Пракоф'ева і Ігара Стравінскага.

У спектаклі заняты вядучыя салісты тэатра: Вольга Гайко, Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў, Алег Яромкін, Іван Савянкоў і іншыя. Лібрэта напісаў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Аляксей Дудараў. Мастак-пастаноўшчык - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Эрнст Гейдэбрэхт.

Дарэчы, у Вялікім тэатры ўжо другі сезон адкрываецца нацыянальнай пастаноўкай. У 2012-м новы музычны год пачынаўся прэм'ерай другой рэдакцыі оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі