25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі тэлекампаній з краін - удзельніц чэмпіянату свету па хакею 2014 года вывучалі ў Мінску арэны турніру, месцы работы тэлебачання, абмеркавалі пытанні тэхнічнага забеспячэння тэлетрансляцый на спецыялізаваным семінары, які прайшоў 23-25 кастрычніка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў дырэкцыі па правядзенню маючага адбыцца сусветнага форуму.
У беларускай сталіцы разам з беларускімі спецыялістамі тэлевяшчання працавалі іх калегі з Канады, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, якія будуць трансліраваць матчы чэмпіянату свету. Яны наведалі абедзве гульнявыя арэны, азнаёміліся з месцамі ўстаноўкі тэлевізійных камер, трыбунамі для тэлекаментатараў, размяшчэннем тэлевізійных студый, пазіцыямі пераносных камер, размяшчэннем зон для флеш-інтэрв'ю і мікст-зон (дзе журналісты будуць размаўляць з хакеістамі ў перапынку гульні і пасля матчу).
Гасцей цікавілі схемы размяшчэння перасовачных тэлевізійных студый, размяшчэння і абсталявання вытворчых і офісных кантэйнераў, электразабеспячэння, асвятлення, а таксама тэрміны мантажу і дэмантажу абсталявання і іншыя пытанні.
Прайшлі прэзентацыі абедзвюх арэн чэмпіянату з пазначэннем месц размяшчэння тэлевізійных службаў. Спецыялісты паўдзельнічалі ў двух пасяджэннях, дзе абмяркоўваліся пытанні бязвізавага ўезду ў Беларусь, дастаўкі грузаў, мытных працэдур, размяшчэння ў атэлях, праезду ў гарадскім грамадскім транспарце акрэдытаваных супрацоўнікаў тэлекампаній, правядзення тэставых гульняў, трансляцый цырымоній адкрыцця і закрыцця.
Па выніках семінара была ўнесена прапанова ўсім тэлекампаніям яшчэ да старту чэмпіянату свету абмяняцца відэасюжэтамі аб сваёй нацыянальнай зборнай для таго, каб азнаёміць балельшчыкаў краін - удзельніц сусветнага першынства з камандамі.
У семінары таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі аргкамітэта ЧС-2014, Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) і яе камерцыйнага партнёра - кампаніі "Інфронт".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|