30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Ірына Прасянцова заняла першае месца на міжнародным турніры па сучасным пяцібор'і ў закрытых памяшканнях у венгерскім Будапешце (Budapest Indoor International), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе спаборніцтваў беларуска паказала высокія рэзультаты ў фехтаванні, дзе заняла трэцяе месца, а ў камбінаваным відзе (бег і стральба) і зусім стала лепшай. У выніку Ірына Прасянцова набрала 1370 ачкоў, венгерка Шарлота Ковач, якая заняла другое месца, адстала ад пераможцы больш як на 20 балаў - 1347 ачкоў. Бронзавым прызёрам турніру ў закрытых памяшканнях стала таксама венгерка Анна Тот - 1339.
У дзясятку лепшых па выніках турніру ўвайшла яшчэ адна беларуская пяціборка Таццяна Халдоба, якая размясцілася на шостым месцы падагульняючага пратакола - 1314 ачкоў.
Выступленне мужчынскай каманды стала менш паспяховым. Лепшы рэзультат сярод прадстаўнікоў Беларусі паказаў Павел Ціханаў, які заняў шостае месца - 1463 ачкі. Спартсмен уступіў 28 балаў пераможцу турніру Бенке Дэметэр з Венгрыі - 1491. Сярэбраная медаль у мужчын дасталася французскаму пяціборцу Сімону Касэ - 1472 ачкі. Яшчэ адзін прадстаўнік Венгрыі Іштван Маліц (1472 балы) заваяваў бронзавую ўзнагароду.