Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Снж 2015

Новы год і Каляды ў Беларусі

Новы год і Каляды ў БеларусіКаляды і Новы год – цудоўны час для падарожжа ў Беларусь. Вы ўбачыце галоўныя славутасці краіны ў непрадказальны, але чароўны зімовы сезон, адчуеце атмасферу свят па-беларуску, далучыцеся да вясёлых гулянняў і даведаецеся аб самых каларытных звычаях і традыцыях.

Напярэдадні любімых свят на цэнтральных вуліцах беларускіх гарадоў праходзяць парады і шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурачак, адкрываюцца калядныя кірмашы, дзе можна купіць падарункі і сувеніры, а ў буйных гандлёвых цэнтрах пачынаецца сезон скідак і распрадаж.

Правесці навагоднія канікулы ў Беларусі запрашаюць гасцінныя эка- і аграсядзібы, дзе можна атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды, пакаштаваць смачныя святочныя стравы нацыянальнай кухні і паўдзельнічаць у старадаўніх калядных абрадах.

Беларускія гарналыжныя курорты ў навагодні сезон таксама рыхтуюць сюрпрызы для аматараў экстрэмальнага адпачынку. У распараджэнні гасцей не толькі крутыя складаныя схілы, але і вучэбныя трасы для навічкоў.

Навагодняя ноч-2016 у Мінску будзе насычана забаўляльнымі праграмамі і цікавымі падзеямі ў розных пунктах горада. І на працягу ўсіх зімовых свят жыхароў і гасцей Беларусі чакаюць самыя яркія шоу, гала-канцэрты вядучых тэатраў, лепшыя оперныя і балетныя прэм'еры, касцюміраваныя балі, джазавыя вечары, выстаўкі...

Навагоднія спектаклі, канцэрты і выстаўкі

Выстаўка "Музей ёлачных цацак" у Мінску

Выстаўка "Музей ёлачных цацак" у МінскуНапярэдадні Новага года і Каляд выстаўка эксклюзіўных ёлачных цацак, якая ў мінулым годзе сабрала больш за 30 тысяч гасцей, запрашае акунуцца ў знаёмую з дзяцінства атмасферу чараўніцтва. У экспазіцыі, што нагадвае лабірынт, можна прасачыць гісторыю вырабу шкляных упрыгажэнняў з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Сярод амаль 400 ёлачных цацак са збору калекцыянера Андрэя Бегуна ёсць і рарытэтныя экспанаты, у тым ліку аўстра-венгерскі шар дыяметрам больш за 450 мм, які ў сярэдзіне XIX стагоддзя стаў сведкам Венскага каляднага балю. Наведвальнікі змогуць пры дапамозе майстра выдзьмуць і распісаць аўтарскі шкляны шар і адправіць поштай Дзеда Мароза паштоўкі сябрам і блізкім.

Калі: 21 лістапада 2015 – 17 студзеня 2016
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей
Даведацца падрабязней

Калядны "Джазавы мост" у Мінску

Калядны "Джазавы мост" у Мінску"Джазавыя вечары" каля Мінскай ратушы, якія праводзяцца ў чэрвені, упершыню напярэдадні Каляд і Новага года парадуюць паклоннікаў сустрэчамі з лепшымі выканаўцамі з Еўропы і ЗША. Адметнасцю праекта стане выступленне зоркі еўрапейскага джаза, любімца дацкай каралевы – вакаліста і мультыінструменталіста Мадса Маціяса, які гэтым летам уразіў мінскую публіку бліскучай манерай выканання. На гэты раз ён выступіць у дуэце з вядомай беларускай групай "Apple Tea". У святочнай афішы – "кароль джазавага вакалу" Кліўлэнд Уоткіс, брытанскі спявак Іан Шоу, амерыканскі барабаншчык Білі Драманд, а таксама ўзыходзячая зорка брытанскага джаза – спявак і піяніст Энтані Стронг.

Калі: 19 снежня
Дзе: Мінск, Цэнтральны дом афіцэраў
Даведацца падрабязней

"Навагодні свінг" у Белдзяржфілармоніі

"Навагодні свінг" у БелдзяржфілармонііЛегенда айчыннага джаза, піяніст-віртуоз Леанід Чыжык у 1960-80-я гады стаў першым савецкім музыкантам, які выступаў з канцэртамі за мяжой. Яшчэ ў той час амерыканскія выданні называлі яго "лепшым джазавым музыкантам па той бок жалезнай заслоны". Уладальнік тытула "Вялікага магістра", атрыманага ў Карнегі-Холе, прадаўжае здзіўляць паклоннікаў новымі праграмамі, у аснове якіх сінтэз класікі і джазавых мелодый. У святочным вечары прагучаць імправізацыі на тэму класічных твораў, а таксама навагоднія песні розных народаў, сусветныя шлягеры і эстрадныя хіты ў сучаснай апрацоўцы.

Калі: 20 снежня
Дзе: Мінск, Беларуская дзяржаўная філармонія, Малая зала імя Р.Шырмы

Галоўная ёлка краіны

Галоўная ёлка краіныГалоўная ёлка краіны ў Палацы Рэспублікі ў гэтым годзе збярэ больш за 2 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з розных рэгіёнаў Беларусі. Маленькія госці разам з героямі фантастычнай гісторыі зробяць падарожжа ў свет інтэрнэту і камп'ютарных тэхналогій, у якім ажываюць не толькі прывычныя клавіятура і мыш, але і каварныя вірусы. Святочны паказ "Віртуальны Новы Год", у якім задзейнічана больш за 100 акцёраў, будзе здзіўляць гледачоў цікавымі сюжэтнымі паваротамі, маляўнічымі дэкарацыямі, сучаснымі светлавымі і гукавымі эфектамі. Па традыцыі любімыя казачныя персанажы – Дзед Мароз і Снягурачка – павіншуюць дзяцей з надыходзячымі святамі, а на заканчэнне вечара ўручаць салодкія падарункі.

Калі: 20 снежня 2015 – 6 студзеня 2016
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

"Вялікі Калядны канцэрт" у Мінску

"Вялікі Калядны канцэрт" у МінскуУ калядную куццю лепшыя выканаўцы запрашаюць сустрэць самае светлае свята года ў гістарычным "сэрцы" беларускай сталіцы – Верхнім горадзе. Музычны дыліжанс камернага ансамбля "Мінск-Класік" адправіцца ў падарожжа па краінах з багатымі музычнымі традыцыямі: Беларусі, Расіі, Англіі, Францыі, Аўстрыі, Малдове, Арменіі, Венесуэле... Паклоннікі шэдэўраў сусветнай класікі акунуцца ў атмасферу ўрачыстасці  пад мелодыі з твораў вядомых кампазітараў: І.Штрауса, Ж.Афенбаха, А.Хачатурана, Я.Глебава, Я.Догі, В.Гаўрыліна. Святочны настрой створаць калядныя песні ў выкананні дзіцячага хору. Вядучы – музыкант і дырыжор, стыпендыят фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Максім Расоха.

Калі: 24 снежня
Дзе: Мінск, КЗ "Верхні горад"

Новы год у стылі рэтра ў Музычным тэатры

Новы год у стылі рэтра ў Музычным тэатрыБеларускі музычны тэатр запрашае правесці Новы год у рэтра-стылі. У святочным канцэрце прагучаць лепшыя кампазіцыі замежнай і айчыннай эстрады 1970-90-х гадоў: "Гісторыя кахання", "Звініць студзеньская завіруха", "Besame Mucho"... За некалькі гадзін да навагодняй ночы мелодыі мінулай эпохі выканаюць вядучыя салісты музычнага тэатра: народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, заслужаныя артысты Маргарыта Александровіч і Антон Заянчкоўскі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Леся Лют, Віктар Цыркуновіч, Лідзія Кузьміцкая, Наталля Дзяменцьева, Мікалай Русецкі, Анзор Алімірзоеў, Арцём Хамічонак. Гасцей чакае арыгінальны мікс з папулярных песень, відовішчных нумароў і сюрпрызаў.

Калі: 31 снежня
Дзе: Мінск, Беларускі акадэмічны музычны тэатр

Навагодні гала-канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі

Навагодні гала-канцэрт у Вялікім тэатры БеларусіВялікі тэатр Беларусі прадстаўляе грандыёзны гала-канцэрт зорак, у якім прагучаць арыі, дуэты і сцэны з сусветна вядомых опер Вердзі, Расіні, Гершвіна, Пучыні, Бізэ, Дворжака, Рахманінава. Сярод салістаў – народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, заслужаныя артысты Ніна Шарубіна і Васіль Кавальчук, Настасся Масквіна, Уладзімір Громаў і ўжо сусветна прызнаныя выканаўцы: Аксана Волкава, Ілья Сільчукоў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Эдуард Мартынюк, Марына Ліхашэрст, Васіль Мінгалёў, Дзіяна Трыфанава... На заканчэнне вечара варыяцыі з балетаў "Карсар", "Пахіта", "Баядэрка" і мініяцюру "Лебедзь" выканаюць вядучыя артысты тэатра – Аляксандр Бутрымовіч, Ганна Фокіна, Андрэй Сіраштан, Наталля Івасенка, Андрэй Посах і Таццяна Падабедава.

Калі: 29, 30, 31 снежня
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі

Калядныя і навагоднія балі

Навагодні баль у Палацы Рэспублікі

Навагодні баль у Палацы РэспублікіВялікі навагодні баль упершыню адбудзецца ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня ў зале прыёмаў Палаца Рэспублікі. Удзельнікі балю-маскараду атрымаюць асалоду ад святочнага шоу, у якім арганічна злучаны розныя жанры і віды мастацтва: опера, эстрада, каларытныя цыганскія танцы. У праграме прагучаць оперныя арыі ў выкананні народнага артыста Беларусі Уладзіміра Громава, а таксама лепшыя песні адыходзячага года ад зорак беларускай эстрады ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. На працягу вечара гасцей чакаюць навагоднія віншаванні і падарункі ад галоўнага Дзеда Мароза краіны, а таксама разнастайныя конкурсы і яшчэ шмат прыемных сюрпрызаў...

Калі: 31 снежня
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Дзіцячы калядны баль у Мірскім замку

Дзіцячы калядны баль у Мірскім замкуАрхітэктурная жамчужына Беларусі – Мірскі замак – запрашае юных дам і кавалераў 6-13 гадоў на традыцыйны Калядны баль, які яшчэ ў XVIII стагоддзі заснаваў легендарны князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Урачысты цырыманіял, элегантныя ўборы, прыдворны этыкет, танцавальныя "па", захапляльныя гульні і забавы... Па традыцыі ў час балю прыдворныя правядуць майстар-клас для сваіх падапечных і вывучаць з імі новыя танцы. З году ў год дзіцячы баль у Мірскім замку дорыць сваім гасцям святочны настрой і зараджае пазітыўнымі эмоцыямі. Святочны марафон, які ўпершыню будзе прадаўжацца тыдзень, збярэ сотні паклоннікаў класічных танцаў.

Калі: 2, 3, 9, 10 студзеня
Дзе: Мірскі замак

Мірскі баль

Мірскі бальДля дарослых гасцей знакаміты Мірскі замак – выдатная мясціна са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – таксама рыхтуе грандыёзны свецкі баль у традыцыях XIX стагоддзя. Дамы ў раскошных уборах і галантныя кавалеры ў фраках, адзетыя па модзе таго часу, стануць галоўнымі дзеючымі асобамі вечара ў Партрэтнай зале знакамітай рэзідэнцыі князёў Вітгенштэйнаў і Святаполк-Мірскіх. У танцавальную праграму, падпарадкаваную строгаму цырыманіялу, увойдуць найбольш папулярныя танцы рамантычнай эпохі: паланэз, вальс, французская кадрыль і мазурка. Адной з яркіх падзей стане інтэрактыўны спектакль, у якім змогуць паўдзельнічаць усе жадаючыя, а таксама гасцей балю чакаюць танцавальныя майстар-класы, старадаўнія гульні і забавы.

Калі: 8 студзеня
Дзе: Мірскі замак, Партрэтная зала

Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры

Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатрыВялікі тэатр Беларусі сёмы год запар падтрымлівае старадаўнюю традыцыю баляў, якія з даўніх часоў любяць у Еўропе. Галоўны тэатр краіны запрашае паклоннікаў сустрэць Стары Новы год у кампаніі зорак опернага і балетнага мастацтва. Вялікі навагодні баль у Оперным тэатры традыцыйна ўключае танцавальныя праграмы адразу некалькіх вядомых баляў – рускага, венскага і княжацкага. На працягу некалькіх месяцаў усе ўдзельнікі наведваюць заняткі, на якіх пад кіраўніцтвам тэатральнага танцмайстра спасцігаюць асновы бальнага майстэрства, развучваючы традыцыйныя танцы XIX стагоддзя: паланэз, вальс, контрданс, вальс-мазурку, польку, галоп...

Калі: 13 студзеня
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі

У госці да Дзеда Мароза: навагоднія туры і забавы

Рэзідэнцыя беларускага Дзеда МарозаЗнакамітая рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза знаходзіцца ў самым старажытным лесе Еўропы – Белавежскай пушчы, якая з'яўляецца ўнікальным прыродным здабыткам не толькі нашай краіны, але і ўсяго свету. Таму ў калядныя канікулы госці Беларусі абавязкова ўключаюць у свой маршрут месца, дзе можна адначасова ўбачыць некранутыя стагоддзямі ландшафты, паназіраць за велічнымі жыхарамі пушчы зубрамі, якія яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ледзь не зніклі з зямлі, і вядома, пабываць у самай чароўнай сядзібе. Усе падрабязнасці тут...

Нарэшце, у навагоднія святы ў Беларусі ёсць яшчэ шмат цікавых мясцін, дзе гасцям прапануюць хаця б на некалькі гадзін забыць пра будні і апынуцца ў свеце казак.

Сядзіба Дзеда Мароза ў Бярэзінскім запаведніку

Сядзіба Дзеда Мароза ў Бярэзінскім запаведнікуУ дні калядных канікул па-сапраўднаму чароўным стане падарожжа ў сядзібу Дзеда Мароза на тэрыторыі аднаго з буйных у Еўропе прыродных рэзерватаў – Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Гасцей тура "У госці да казкі" сустрэнуць Дзед Мароз і Снягурачка, Баба Яга і казачны талісман краю – Балотнік Незвычайны. Казачныя героі азнаёмяць са сваімі ўладаннямі, зробяць экскурсію па Музеі прыроды, пакажуць пазнавальны фільм. Але, бадай, самым запамінальным стане знаёмства з дзікімі жыхарамі "Ляснога заапарка". Гасцей чакаюць вясёлыя песні, карагоды вакол ёлкі, конкурсы, латарэі і салодкія падарункі. А смельчакі змогуць паўдзельнічаць у старадаўніх забавах, напрыклад, пракаціцца па ўладаннях Дзеда Мароза ў санках або павозцы, запрэжанай парай рэзвых коней...

Калі: з 12 снежня
Дзе: Віцебская вобласць, Бярэзінскі біясферны запаведнік
Даведацца падрабязней

Дзед Мароз у мінскім парку Горкага

Дзед Мароз у мінскім парку ГоркагаУ самым папулярным парку Мінска ў час навагодніх свят таксама адкрыты домік Дзеда Мароза, дзе казачны чараўнік кожны дзень прымае гасцей. Дзеці і бацькі могуць сустрэцца з любімым навагоднім героем, падзяліцца ўспамінамі аб падзеях адыходзячага года, расказаць верш або праспяваць песню, а таксама за поспехі і выдатныя паводзіны атрымаць сюрпрыз. Акрамя таго, у дзень праваслаўнага Ражджаства Хрыстовага – 7 студзеня – госці сталічнай міні-сядзібы даведаюцца аб цікавых фактах з гісторыі гэтага светлага свята.

Калі: 23 снежня 2015 – 7 студзеня 2016
Дзе: Мінск, Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага
Даведацца падрабязней

Ледзяны пакой Дзеда Мароза ў Мінску

Ледзяны пакой Дзеда Мароза ў МінскуПершы ледзяны пакой у Беларусі прапануе гасцям перанесціся з цэнтра Мінска ў паўночную краіну дзіўнай прыгажосці, населеную казачнымі персанажамі, якія створаны майстрамі-разьбярамі з халоднай глыбы. Вага некаторых ледзяных скульптур, мігатлівых ў рознакаляровых агнях, дасягае некалькіх тон. У празрыстых інтэр'ерах можна ўбачыць пачэсны трон Дзеда Мароза, канапу, сані, куфар з ласункамі, а таксама сустрэць іх нязменных жыхароў – мудрую саву, вясёлага мядзведзя, малюсенькае парася і зайку. Наведвальнікі могуць прагуляцца па пакоі, разглядаючы арыгінальныя экспанаты і ласуючыся марожаным.

Калі: 7 снежня 2015 – 15 студзеня 2016
Дзе: Мінск, гандлёвы цэнтр "ALL House"

Навагоднія кірмашы і распрадажы

"Калядны кірмаш" у Мінску

"Калядны кірмаш" у МінскуЗ сярэдзіны снежня на буйных пляцоўках беларускай сталіцы адкрыліся традыцыйныя калядныя кірмашы, дзе можна цудоўна правесці час з сябрамі і набыць навагоднія падарункі. Драўляныя домікі, упрыгожаныя рознакаляровай мішурой і гірляндамі, прыцягваюць наведвальнікаў любімымі навагоднімі мелодыямі і святочнай падсветкай. На гандлёвых прылаўках можна знайсці ёлачныя цацкі, карнавальныя ўборы і маскі, а таксама керамічныя сувеніры, упрыгажэнні ручной работы з дрэва, лёну, лазы, саломкі, скуры... Тут можна пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні, а таксама пачаставацца глінтвейнам, гарачым шакаладам з ласункамі і духмянай выпечкай.

Калі: 12 снежня 2015 – 15 студзеня 2016
Дзе: Мінск, Кастрычніцкая плошча, пляцоўка каля Палаца спорту
Даведацца падрабязней

Кірмаш "Дзед Мароз у асяроддзі сяброў"

Кірмаш "Дзед Мароз у асяроддзі сяброў"Свята разгорнецца ў гістарычным Верхнім горадзе, які ў апошнія гады набыў славу яшчэ і творчага цэнтра Мінска, дзе праходзяць фестывалі, джазавыя канцэрты, рэканструкцыі, а таксама кірмашы народных умельцаў. У калядныя дні тут адкрыецца інтэрактыўны атракцыён "Дзед Мароз", з дапамогай якога госці змогуць у рэжыме рэальнага часу сустрэцца з галоўным героем навагодніх свят. Таксама ў праграме – грандыёзнае 3D мапінг-шоу і тэатралізаваны паказ, у якім прымуць удзел Дзед Мароз і Снягурачка, Баба Яга, чэрці, мядзведзі і іншыя лясныя персанажы. Гасцей будуць частаваць традыцыйнымі стравамі і гарачым глінтвейнам са свежай выпечкай.

Калі: 24 снежня 2015 – 7 студзеня 2016
Дзе: Мінск, Верхні горад
Даведацца падрабязней

Выстаўка-кірмаш народных промыслаў "Млын"

Выстаўка-кірмаш народных промыслаў "Млын"У перадсвяточныя дні буйнейшая ў Беларусі выстаўка вырабаў ручной работы збярэ больш за 500 рамеснікаў, дызайнераў, мастакоў, а таксама майстроў рукадзелля, якія прадставяць свае ідэі і знаходкі ў розных жанрах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а ў ходзе майстар-класаў падзеляцца сакрэтамі з навічкамі. Традыцыйна кірмаш карыстаецца вялікай папулярнасцю, паколькі арыгінальныя аўтарскія вырабы ствараюцца ў адным экзэмпляры і вызначаюцца асаблівым выкананнем. На выстаўцы можна купіць тавары для творчасці і рукадзелля, эксклюзіўныя рэчы для дамашняга дэкору, а таксама навагоднія падарункі: дызайнерскае адзенне і аксесуары, святочныя сувеніры і паштоўкі.

Калі: 18 – 20 снежня
Дзе: Мінск, Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа"

Навагодні Central Fashion Market

Навагодні Central Fashion MarketПершы мультыбрэндавы маркет беларускага дызайнерскага адзення і аксесуараў запрашае на аднадзённы кірмаш-распрадажу арыгінальных калекцый больш за 80 маладых куцюр'е. Сярод удзельнікаў – Марына Давыдава, NAVY, Tikota Unique, ton-in-ton, а таксама паспяховыя брэнды 11KSTUDIO, eLKey My Happy Dress. Вядучыя майстры індустрыі прадставяць сезонныя калекцыі штодзённага і вячэрняга адзення, азнаёмяць з актуальнымі трэндамі, дапамогуць падабраць аксесуары і біжутэрыю да ўбору. Наведвальнікі навагодняга маркета змогуць папоўніць гардэроб абноўкамі, выбраць прадметы дэкору, падарункі і сувеніры, а таксама даведацца аб навінках беларускай моды і атрымаць карысныя парады ад дызайнераў.

Калі: 20 снежня
Дзе: Мінск, гастранамічны цэнтр "Food Republic"

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі