Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

11 Снж 2014

Нясвіжскі замак запрашае турыстаў на калядныя канікулы ў стылі XIX стагоддзя

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нясвіжскі замак запрашае турыстаў на калядныя канікулы ў стылі XIX стагоддзя. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Наталля Жэрка.

Госці былой княжацкай рэзідэнцыі на калядных канікулах змогуць акунуцца ў атмасферу канца XIX стагоддзя. Наведвальнікаў замка будуць сустракаць князь Антоні Вільгельм Радзівіл і яго жонка Марыя Дарота дэ Талейран дэ Кастэлян Радзівіл - заснавальніца нясвіжскіх паркаў. Турыстаў чакае цікавая музычная праграма, сюрпрызы падрыхтуе тэатральная зала.

Калядная экскурсійная праграма будзе дзёйнічаць з 2 па 8 студзеня. Як расказала Наталля Жэрка, гэтымі днямі ў Нясвіжскім замку плануюць прыняць 10-12 тыс. турыстаў. Кошт білета для наведвання палацавага ансамбля павялічыцца на 25 працэнтаў: для дарослых з Br80 тыс. да Br100 тыс., для школьнікаў і студэнтаў з Br40 тыс. да Br50 тыс. Кошт уваходнага білета ў ратушу для дарослых складзе Br30 тыс., для школьнікаў і студэнтаў - Br15 тыс.

З 25 снежня па 11 студзеня комплекс будзе прымаць турыстаў без выхадных, выключэнне - 1 студзеня.

Паколькі ў наступным годзе споўніцца 175 гадоў з дня нараджэння Марыі Дароты дэ Талейран дэ Кастэлян Радзівіл, многія мерапрыемствы ў музеі будуць звязаны з гэтай датай. Таксама ў 2015 годзе Нясвіжскі замак традыцыйна далучыцца да "Ночы музеяў" і правядзе 14 выставак.

Архітэктурна-культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы - адна з выдатных мясцін Беларусі, занесеная ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гістарычны помнік цікавы не толькі сваімі наземнымі збудаваннямі, але і падзямеллямі і скляпамі. З пачатку 2014 года комплекс прыняў больш як 400 тыс. турыстаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі