Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Aug 2014

Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" пройдзе ў Гомелі ў верасні

26 жніўня, Гомель /Алена Сафронава - БЕЛТА/. II Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" пройдзе 26-27 верасня ў Гомелі на пляцоўцы лёгкаатлетычнага манежа "Дынама", дзе традыцыйна праводзяцца самыя маштабныя выставачныя мерапрыемствы вобласці. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў дырэкцыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Экспазіцыі тут прадставяць каля 100 музеяў краіны. Наведвальнікам будуць прадэманстраваны лепшыя музейныя праекты, праграмы, публікацыі за апошнія два гады. Пры гэтым прастора форуму будзе падзелена на некалькі пляцовак. Так, экспазіцыйная пакажа стэнды з прэзентацыямі ўдзельнікаў, спецыяльная тэхнічная - прадукцыю прыватных кампаній, якія працуюць у сферы музейных індустрый, а тэрыторыя дзелавой праграмы і дэманстрацыйная пляцоўка - лепшыя праекты па розных напрамках музейнай дзейнасці.

У час мерапрыемства будзе праведзены конкурс сярод музеяў-удзельнікаў. Спаборніцтва пройдзе ў шасці намінацыях: "Лепшае навуковае праектаванне экспазіцыі", "Лепшае мастацкае праектаванне экспазіцыі", "Лепшая арганізацыя міжнароднай выстаўкі", "Лепшая арганізацыя выстаўкі з уласных фондаў", "Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці", "Лепшае музейнае выданне".

Конкурс арыентаваны на праекты, якія раскрываюць інтэлектуальны і культурны патэнцыял музеяў Беларусі, а таксама адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці калекцый; праекты, накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці, фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці і выхаванне патрыятызму.

У бягучым годзе галоўнай на форуме стане тэма "Музей і грамадства: ад камунікацыі да ўзаемадзеяння", што мае на ўвазе раскрыццё патэнцыялу і шырокіх магчымасцей музея як сацыяльнага інстытута. Паводле задумы арганізатараў, форум з'яўляецца менавіта тым месцам, дзе сустракаюцца музейныя прафесіяналы і музейныя наведвальнікі, каб у адкрытай дыскусіі выпрацаваць далейшыя шляхі эфектыўнага супрацоўніцтва.

Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" праходзіць адзін раз у два гады, збіраючы разам музейных прафесіяналаў краіны і шырокую аўдыторыю. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі аблвыканкам, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Рэспубліканскі савет дырэктараў музеяў, Беларускі камітэт Міжнароднага савета музеяў "ICOM".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі