Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

12 Sep 2013

Нацыянальны фестываль архітэктуры пройдзе ў Мінску 26-28 верасня

12 верасня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. X Нацыянальны фестываль архітэктуры "Мінск-2013" пройдзе ў беларускай сталіцы з 26 па 28 верасня. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў ГА "Беларускі саюз архітэктараў" (БСА).

У бягучым годзе фестываль - юбілейны. Яго галоўная тэма "Беларуская архітэктура - ад мары да рэальнасці", паводле слоў арганізатараў, раскрываецца праз арганізацыю чатырох асноўных конкурсаў: ХVI Рэспубліканскага конкурсу на лепшы архітэктурны твор 2012-2013 гадоў, V Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў "Леанарда-2013", VIII Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх праектаў па спецыяльнасцях "Архітэктура" і "Архітэктурны дызайн" і III Рэспубліканскага мастацкага конкурсу дзіцячай творчасці "Архітэктура роднага краю вачамі дзяцей".

Асаблівае значэнне ў бягучым годзе Беларускі саюз архітэктараў надае ўжо традыцыйнаму біенале маладых архітэктараў "Леанарда", заснаванаму ў 2005-м. Што датычыцца конкурсу студэнцкіх праектаў, то арганізатары фестывалю адзначылі, што з гэтага года архітэктурныя факультэты вышэйшых навучальных устаноў перайшлі на шасцігадовую форму навучання, таму штогадовы Рэспубліканскі конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых архітэктурных школ Беларусі быў заменены на конкурс студэнцкіх праектаў па спецыяльнасцях "Архітэктура" і "Архітэктурны дызайн". Конкурс дзіцячай творчасці, заснаваны Беларускім саюзам архітэктараў, пройдзе ў бягучым годзе ўжо трэці раз. Яго мэта - павысіць цікавасць да архітэктуры роднага краю, выхаваць у падрастаючага пакалення патрыятычныя пачуцці, а таксама развіць творчыя здольнасці дзяцей.

У праграму таксама ўключаны семінары, прэзентацыі фірм і праектных прадпрыемстваў, круглыя сталы на тэму "Перспектывы развіцця жылых раёнаў у гарадах на постсавецкай прасторы", "Ад праекта да рэалізацыі", майстар-класы беларускіх і замежных архітэктараў і многае іншае. "Мінскія архітэктары правядуць экскурсіі для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, якія атрымаюць унікальную магчымасць убачыць контуры абноўленай Беларусі, што дынамічна развіваецца", - паведамілі арганізатары.

У БСА лічаць, што фестываль архітэктуры - свята не толькі архітэктараў, але і ўсіх, хто пражывае ў краіне, займаецца будаўніцтвам і рэканструкцыяй гарадоў і вёсак.

Нацыянальны фестываль архітэктуры Беларусі праводзіцца з 1999 года (раз у два гады) і ўжо стаў міжнароднай падзеяй. Заснавальнікам і арганізатарам фестывалю выступае ГА "Беларускі саюз архітэктараў". Форум праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрства культуры, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Міжнароднага саюза архітэктараў і Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі