12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выступленне на XIV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2016" прадстаўніцы Беларусі Настассі Жабко будзе яркім і запамінальным. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старэйшы брат юнай выканаўцы і педагог цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Кантакт" Цэнтральнага раёна Мінска Глеб Жабко, цяпер ідзе работа над аўтарскай песняй для беларускай канкурсанткі.
"Калі адна конкурсная песня вызначана першапачаткова - гэта "It don`t mean a thing" Дзюка Элінгтана і Элы Фіцджэральд, з якой Насця перамагла на адборы на конкурс, то другая кампазіцыя сёння яшчэ не вызначана. Але дакладна, што гэта будзе песня, якая дасць магчымасць максімальна раскрыць вакальныя магчымасці юнай вакалісткі, а Насці падабаюцца такія жанры, як свінг і джаз. Мы рыхтуем песню, якая зможа нечым здзівіць", - расказаў педагог.
Да канца красавіка будзе завершана работа над дзвюма аўтарскімі песнямі на беларускай мове на сучасныя тэмы.
Дзесяцігадовая Насця Жабко вучыцца ў чацвёртым класе сталічнай гімназіі нумар 16. Штодзённа дзяўчынка пасля заняткаў па школьнай праграме рэпеціруе ў вакальнай студыі. Педагог не сумняваецца ў працаздольнасці падапечнай і спадзяецца, што ў адказны момант юны талент будзе ў добрай форме.
Настасся не раз удзельнічала ў міжнародных конкурсах, у яе скарбонцы ўжо ёсць узнагароды конкурсаў "Залаты голас Расіі" і "Залатая нота". Педагог упэўнены, што ўдзел у конкурсе "Славянскага базару ў Віцебску" стане сур'ёзным вопытам для юнай выканаўцы, паколькі гэты конкурс мае аўтарытэт творчага спаборніцтва вакалістаў высокага ўзроўню. У планах дзяўчынкі таксама ўдзел у конкурсе дзіцячая "Новая хваля" і праекце "Голас" у Расіі.
XXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 18 ліпеня, на 12-13 і 19-20 ліпеня запланаваны дадатковыя мерапрыемствы. Асноўнай фестывальнай падзеяй застаецца конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні, таксама заўсёды вялікі інтарэс суправаджае дзіцячы песенны конкурс.