Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Май 2014

Начным гасцям Лідскага замка 17 мая пакажуць пакой катаванняў і пакаранняў

16 мая, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. Ашмянскі раённы краязнаўчы музей 18 мая адправіць наведвальнікаў у "Падарожжа ў Краіну Саветаў", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветніцкіх устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

Менавіта з такой праграмай музей далучаецца да святкавання Міжнароднага дня музеяў. Акунуцца ў атмасферу Савецкага Саюза дапамогуць гледачам песні таго часу, тэматычныя конкурсы і віктарыны. Пры набыцці білета ў музей кожнага наведвальніка пасвецяць у піянеры, а ў музейных залах госці абавязкова сустрэнуць Леніна, у вобразе якога паўстане адзін з супрацоўнікаў. Спецыяльна да свята ў музеі адкрыецца новая экспазіцыя "Назад у СССР", у ёй прадстаўлены розныя прадметы савецкага мінулага, напрыклад, школьныя парты і формы, бухгалтарскія лічыльнікі, авоські, музычныя інструменты, фатаграфіі. Ролікі і відэафільмы аб савецкай эпосе будуць дэманстравацца ў музейным кінатэатры "Ударнік", а кухню савецкіх хатніх гаспадынь можна будзе паспрабаваць у буфеце "Кліч Ільіча". Завершыцца праграма дыскатэкай пад музыку вакальна-інструментальных ансамбляў мінулых гадоў.

А вось лідчан 17 мая навучаць танцаваць сярэдневяковыя танцы і пасвецяць у рыцары. Лідскі гісторыка-мастацкі музей запрашае правесці "Ноч у Лідскім замку". Праграма пачнецца ў 20.00 і завершыцца каля гадзіны ночы. Наведвальнікаў чакае разнастайная пазнавальна-забаўляльная праграма: рыцарскія паядынкі, сярэдневяковыя гульні, забавы, танцы. Адбудзецца танцавальны флэш-моб з выкарыстаннем элементаў старадаўніх бытавых танцаў. У праграме таксама канцэрт мінскай спявачкі Юліі Глебавай. Наведвальнікі Лідскага замка ўбачаць анімацыйны паказ "Вяселле Ягайлы", будзе дзейнічаць выстаўка "Зброя і даспехі ВКЛ XIV-XV стагоддзяў". Начных гасцей музея пасвецяць у рыцары, можна будзе прымераць даспехі на сябе і зрабіць фота на памяць. У праграме таксама прэзентацыя праекта "Майстэрня Містра" - гэты новы анімацыйны паказ раскажа гледачам аб пакоі катаванняў і пакаранняў.

Паводле слоў Алены Клімовіч, да правядзення Міжнароднага дня музеяў далучацца ў рознай ступені ўсе музеі вобласці. Музеі Гродна традыцыйна рыхтуюць вялікія дзённыя і начныя праграмы. Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей вечарам 17 мая чакае гасцей на "Ноч інтрыг і авантур", музей гісторыі рэлігіі сумесна з музеем пажарнай службы 24 мая правядуць маштабную дзённую і начную праграму з анімацыяй, пленэрамі, майстар-класамі, канцэртамі.

Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей 17 мая правядзе вячэрнюю тэатралізаваную праграму з удзелам лідскага клуба гістарычнай рэканструкцыі "Ісангрым", народнага фальклорнага ансамбля "Вербіца". Тут адбудуцца таксама выстаўкі, шоу "Мінута славы", танцавальная і гульнявая праграмы.

У Іўі 18 мая музей прапануе наведвальнікам віртуальную экскурсію і ролевую гульню, прысвечаную традыцыйнаму вясельнаму абраду, беларускія вясельныя песні і майстар-клас па перакладзе і агучцы беларускага кіно. У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі вячэрняя святочная праграма "У лабірынце часу" пройдзе 19 мая. Наведвальнікаў музея чакаюць тэатралізаванае шоу, аўтарская песня, караоке, бодзі-арт, касцюміраванае фотаатэлье, выстаўкі. У Навагрудку мерапрыемствы, прысвечаныя Дню музеяў, адбудуцца 16 мая на цэнтральнай плошчы горада. Тут вечарам адкрыецца фотапленэр, адбудзецца канцэрт бардаўскай песні. Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей правядзе інфармацыйную кампанію, у музеі адкрыюцца выстаўкі фатаграфій і жывапісу.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі