Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Ліп 2015

На біятлоннай Гонцы легенд у Беларусі выступяць уладальнікі 20 залатых алімпійскіх узнагарод

16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На фестывалі "Гонка легенд - зоркі біятлона за мір", які пройдзе 12 верасня гэтага года ў абноўленым Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі (РЦАП) "Раўбічы", збяруцца біятланісты, якія у суме 20 разоў узнімаліся на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару зімовых Алімпійскіх гульняў розных гадоў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

"Балельшчыкаў біятлона чакае вялікае спартыўнае свята з удзелам знакамітых страляючых лыжнікаў нядаўняга мінулага, прычым будуць прадстаўлены чэмпіёны ўсіх найбуйнейшых форумаў чатырохгоддзя, пачынаючы з Сараева-1984 і заканчваючы Ванкуверам-2010", - праінфармавалі ў прэс-службе. Так, запрашэнне трохразовай чэмпіёнкі сочынскай белай Алімпіяды-2014 Дар'і Домрачавай паспаборнічаць на беларускай зямлі прынялі шматразовыя пераможцы Гульняў з Германіі Свен Фішэр, Рыка Грос і Міхаэль Грайс і чэмпіёнка свету Сімона Хаўсвальд (Дэнкінгер). Сур'ёзную канкурэнцыю ім складуць харызматычныя прадстаўнікі Нарвегіі - трохразовы алімпійскі чэмпіён і адзін з самых меткіх біятланістаў на стыку тысячагоддзяў Хальвард Ханевальд, а таксама скорасныя Фрудэ Андрэсен і Ларс Бергер. Апошні з іх знакаміты тым, што з'яўляецца чэмпіёнам свету не толькі па біятлоне, але і па лыжных гонках. Акрамя таго, у Раўбічы са Скандынавіі прыедуць уладальніцы Вялікага хрустальнага глобуса, такія як нарвежка Ліў-Грэтэ Пуарэ (сезон 2003/04) і шведка Хелена Экхальм (Юнсан) (2008/09), яе суайчынніца алімпійская чэмпіёнка Турына-2006 Ана-Карын Зідэк (Олафсан).

Расію прадставяць двухразовая алімпійская чэмпіёнка Ганна Багалій і Юрый Кашкароў, які выйграваў драматычную алімпійскую эстафету ў Сараеве-1984 разам з беларусам Сяргеем Булыгіным. Праз больш як 30 гадоў яны зноў выступяць у адной гонцы. Ад Беларусі акрамя Сяргея Булыгіна ў спаборніцтвах выступіць алімпійскі чэмпіён Калгары-1988 Аляксандр Папоў і сямнаццаціразовы прызёр чэмпіянатаў свету Алена Зубрылава.

Легендарныя біятланісты правядуць на раўбічскай трасе дзве гонкі. Спачатку пройдуць спаборніцтвы ў суперспрынце, па выніках якіх удзельнікі сфарміруюць каманды для выступлення ў эстафеце, дзе і будуць разыграны ўзнагароды.

Акрамя стартаў гоншчыкі прымуць удзел у аўтограф-сесіі, дзе ўсе балельшчыкі змогуць сустрэцца са сваімі кумірамі і зрабіць на памяць фотаздымкі з зорнымі гасцямі. Для найбольш актыўных аматараў біятлона будзе прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці спартсмена на спецыяльна падрыхтаванай арганізатарамі трасе.

Чакаецца, што фестываль біятлона выйдзе далёка за межы трасы і прадаставіць магчымасць аматарам адпачынку на адкрытым паветры шмат іншых цікавых заняткаў, уключаючы дзіцячы спартыўны гарадок і маладзёжную спартыўную пляцоўку. "Гледачы змогуць пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні ўдзельнікаў Гонкі легенд, а госці краіны набыць у створаным арганізатарамі горадзе майстроў унікальныя сувеніры з Беларусі", - удакладнілі ў прэс-службе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Таксама адбудзецца ўручэнне Дар'і Домрачавай прыза "Лепшая спартсменка 2014 года" ад Еўрапейскага саюза спартыўных журналістаў (АІПС Еўропа), вялікая колькасць якіх якраз будзе ў Раўбічах асвятляць Гонку легенд.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс