Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Жнв 2012

Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа-2012. Класіка Plus" пройдзе ў Брэсце 7-14 верасня

30 жніўня, Брэст /Вольга Кабяк - БЕЛТА/. ХVII Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа-2012. Класіка Plus" пройдзе ў Брэсце 7-14 верасня. Лепшыя класічныя творы ў традыцыйнай і наватарскай інтэрпрэтацыях прадставяць 26 калектываў з 11 краін свету. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю, кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі Аляксандр Козак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У фестывалі прымуць удзел драматычныя, лялечныя, паэтычныя, вулічныя, музычныя тэатры з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Ізраіля, Ірана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі, Японіі.

Увазе брастаўчан і гасцей горада будуць прапанаваны спектаклі на васьмі мовах - азербайджанскай, армянскай, беларускай, комі, рускай, польскай, фарсі, украінскай (спектаклі з перакладам на рускую мову).

Фестывальны тыдзень урачыста адкрыецца 7 верасня спектаклем "Гора ад розуму" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. У цэлым спектаклі будуць паказаны на 5 пляцоўках у Брэсце. Гэта вялікая і малая залы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Абласны грамадска-культурны цэнтр, Плошча Леніна. Упершыню на фестывалі ў якасці эксперыментальнай сцэнічнай пляцоўкі паўстане тэатральны бар, дзе адбудзецца спектакль "Гаспадар кавярні" Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

Традыцыйна на Плошчы Леніна пройдзе вулічны спектакль. На цяперашнім фестывалі гэта будзе спектакль "Макбет, хто той скрываўлены чалавек?" у пастаноўцы Тэатра Biuro Podrozy (Познань-Польшча).

Як адзначыў Аляксандр Козак, на 17-м брэсцкім тэатральным фестывалі будзе шырока прадстаўлена творчасць беларускіх тэатральных калектываў. Свае пастаноўкі ў горад над Бугам прывязуць сталічныя - Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага, Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра "Зніч", а таксама Музычны тэатр "Рада" (Гродна), Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў (Мінск сумесна з Польскім інстытутам у Мінску і Інстытутам Адама Міцкевіча), свой спектакль прадставіць Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.

Завершыць фестывальную праграму спектакль "Маскарад" Маскоўскага драматычнага тэатра на Пяроўскай.

Штогадовы Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" праводзіцца ў Брэсце з 1996 года і ставіць сабе за мэту прадставіць мастацтва нацыянальных тэатраў розных краін свету, якія развіваюць класічныя сцэнічныя традыцыі і накіраваны на пошук сучасных сродкаў тэатральнай выразнасці. Для знакамітых рэжысёраў і акцёраў, музыкантаў і мастакоў, а таксама маладых талентаў брэсцкі фестываль - гэта цудоўная магчымасць прадставіць на суд тэатральных дзеячаў і гледачоў свае лепшыя работы.

За шаснаццаць гадоў творчы форум здабыў аўтарытэт у міжнародным фестывальным руху. За гэты час у ім прынялі ўдзел творчыя калектывы з 53 краін свету. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі