28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны конкурс піяністаў пройдзе ў Мінску з 2 па 13 снежня, паведамілі БЕЛТА ў Белдзяржфілармоніі.
Першы конкурс музыкантаў-выканаўцаў прайшоў у 1996 годзе і называўся "Фартэпіяна. Мінск-96". З кожным годам конкурс піяністаў пашырае дыяпазон гучання. Гэты творчы форум заваяваў шырокую вядомасць і па праву займае дастойнае месца ў календары самых чаканых падзей у культурным жыцці краіны.
У бягучым годзе ў конкурсе прымуць удзел
73 піяністы з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Малдовы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі, Марока, Кітая.Урачыстае адкрыццё конкурсу адбудзецца 2 снежня. У гэты дзень на сцэне Вялікай залы філармоніі выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, а таксама члены журы. Ацэньваць выступленні піяністаў будуць прызнаныя музыканты з Беларусі, Арменіі, Латвіі, Літвы і Расіі. Старшыня журы - прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ігар Алоўнікаў.
Конкурс пройдзе ў два туры: з 3 па 10 снежня піяністы будуць дэманстраваць сваё выканальніцкае майстэрства. Лепшыя музыканты выступяць 12 снежня на фінальным туры. Урачыстае закрыццё конкурсу і канцэрт лаўрэатаў конкурсу адбудзецца 13 снежня ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі ў 19.00. Уладальнікі трэцяга і другога месц сыграюць сольна, а першага месца - у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Галоўная задача конкурсу - знайсці новыя імёны і таленты на музычнай прасторы. І, вядома ж, адной з асноўных каштоўнасцей конкурсу застаецца яго адданая публіка, дзякуючы якой ён быў і застаецца падзеяй нацыянальнага маштабу.
З гадамі конкурс змяняўся следам за тым, як развівалася краіна і грамадства. Змены, аднак, не закранулі галоўнага - нязменна высокага прафесійнага ўзроўню канкурсантаў і добразычлівай творчай атмасферы, створанай арганізатарамі. Міжнародны конкурс піяністаў арганізаваны па рашэнні Міністэрства культуры Беларусі і пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Традыцыйна арганізатарам і пляцоўкай для правядзення конкурсу з'яўляецца Беларуская дзяржаўная філармонія.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|