Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Oct 2014

Музыканты з сямі краін выступяць на міжнародным фестывалі "Званы Сафіі" ў Полацку

20 кастрычніка, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Музыканты з Германіі, Польшчы, Швейцарыі, Румыніі, Харватыі, Расіі і Беларусі прымаюць удзел у XIX Міжнародным фестывалі арганнай музыкі "Званы Сафіі" ў Полацку. Форум расцягнуты па часе: першы канцэрт адбыўся ў сценах старажытнай Сафіі 12 кастрычніка, а апошнія акорды фестывалю прагучаць 23 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

"Выдатныя выканаўцы збіраюцца ў сценах Сафіі, каб падарыць аматарам арганнай музыкі высокае майстэрства, азнаёміць беларускіх слухачоў з музычнай культурай сваіх краін. З кожным годам павялічваецца колькасць удзельнікаў і пашыраецца геаграфія фестывалю. У праграме дзевятнаццатага форуму 9 канцэртаў - гэта разнастайныя сольныя арганныя праграмы, а таксама любімыя ўжо ансамблі слухачоў - арган з голасам, флейтай, трубой, камерным аркестрам, хорам", - расказалі арганізатары.

"Уверцюра" да фестывалю прадстаўляе публіцы выканаўцаў, якія ўпершыню прымаюць удзел у полацкім форуме: 12 кастрычніка адбыўся канцэрт заходнегерманскага царкоўнага арганіста Марціна Маера, 26 кастрычніка ў Полацку выступіць нямецкі дуэт Ёзэф і Сюзана Мільчыцкія (арган-сапрана), а 2 лістапада - арганіст з Польшчы Роберт Грудзень.

Адкрыццё ХІХ Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі адбудзецца 6 лістапада. Слухачоў чакае сустрэча з полацкай арганісткай Ксеніяй Пагарэлай і камерным аркестрам "Еўропа-Цэнтр" (дырыжор - Раіль Садыкаў). У новай праграме з удзелам Акадэмічнага хору Віцебскага музычнага каледжа імя І.Салярцінскага (кіраўнік - Аляксандр Сувораў) будзе выканана прэм'ера Месы (Orgelsolomesse) А. Дыябелі.

Прафесар арганнай музыкі West University ў Цімішаары (Румынія) Феліцыян Рошка 8 лістапада выканае ў Полацку старадаўнюю еўрапейскую музыку і творы румынскіх кампазітараў ХХ стагоддзя. Швейцарскі арганіст Цырыл Шмідлін прадставіць слухачам сваю праграму 16 лістапада. А ў дзень, калі ў Заходняй Еўропе шануюць заступніцу музыкі і музыкантаў святую Цэцылію (22 лістапада), у Полацку ўпершыню ў гісторыі фестывалю "Званы Сафіі" выступіць адзін з лепшых арганістаў Харватыі Эдмунд Aндлер-Борыч. Ён вядомы віртуозным выкананнем музыкі эпохі Рамантызму і сучасных твораў, актыўна дае канцэрты ў Еўропе, Паўднёвай Афрыцы, ЗША, Расіі.

Завершыцца фестываль канцэртнай праграмай "Арган і медныя трубы". У дуэце з Ксеніяй Пагарэлай выступіць трубач-саліст, лаўрэат міжнароднага конкурсу, член міжнароднай гільдыі трубачоў, педагог і аранжыроўшчык, мастацкі кіраўнік Брас-квінтэта "Руская пяцёрка" Аляксандр Сімановіч. У канцэрце музыкант прадэманструе майстэрства ігры на некалькіх інструментах (труба, труба-пікала, флюгельгорн).

Адзіны ў Беларусі арганны фестываль "Званы Сафіі" ўжо шмат гадоў збірае ў Полацку сусветна вядомых музыкантаў і іх паклоннікаў.

Сафійскі сабор як музей гісторыі архітэктуры і канцэртная зала ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэта помнік архітэктуры сярэдзіны XI - сярэдзіны XVIII стагоддзя. Музей адкрыты для наведванняў з 1987 года. Яго экспанаты расказваюць пра гісторыю архітэктуры самага старажытнага каменнага збудавання на тэрыторыі сучаснай Беларусі, шматлікія перабудовы, рамонты і апошнюю рэстаўрацыю помніка. У Сафійскім саборы можна ўбачыць фрагменты кладкі ХІ стагоддзя, практычна цалкам захаваны старажытны фундамент, а таксама фрэскавыя размалёўкі канца ХІ стагоддзя. Канцэртная зала ў Сафійскім саборы дзейнічае з 1983 года. Тут штогод праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі і міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі