Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

9 Dec 2013

Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў упершыню пройдзе ў 2014 годзе

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў пройдзе ў 2014 годзе. Творчыя спаборніцтвы прыме Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі ў час юбілейнага V Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Узроставы цэнз мінскага конкурсу ў адрозненне ад іншых такіх спаборніцтваў з самага пачатку павялічаны - прыняць удзел у ім змогуць выканаўцы да 40 гадоў.

Конкурс будзе праходзіць трыма турамі. Першы прадугледжвае выкананне твора на выбар вакалістаў пад акампанемент фартэпіяна. У другім туры павінны прагучаць дзве арыі (адна з замежнай класікі, другая - з рускай або беларускай). У трэцім туры вакалісты разам з салістамі беларускай оперы выканаюць сцэну са спектакля ў дэкарацыях і ў суправаджэнні аркестра. Як растлумачыла карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы маркетынгу, інфармацыі і рэкламы Таццяна Аляксандрава, гэта дасць магчымасць ацаніць не толькі вакальную падрыхтоўку ўдзельнікаў, але таксама іх артыстычныя здольнасці, уменне трымацца на сцэне і ўваходзіць у ролю. "Сёння ёсць такое паняцце, як конкурсныя выканаўцы. Артысты ездзяць па спаборніцтвах, але шмат не выступаюць у спектаклях. Усё ж такі трэба ўмець перайсці ад конкурснага выканання адной арыі да выканання на такім жа ўзроўні спектакля", - лічыць Таццяна Аляксандрава.

Удзельнікамі Першага Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў могуць стаць выканаўцы з вышэйшай музычнай адукацыяй і вопытам выступлення ў спектаклях. "У журы будуць запрашаць дырэктараў, менеджараў розных тэатраў, каб артысты маглі атрымаць ангажэменты. Такім чынам і наш тэатр шукае для сябе цікавых выканаўцаў, каб выбудаваць перспектыўнае супрацоўніцтва з пераможцамі", - адзначыла Таццяна Аляксандрава.

Чакаецца, што ў творчых спаборніцтвах прымуць удзел вакалісты з краін СНД, Балтыі і Заходняй Еўропы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі