Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Снж 2013

Мемарыял памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны плануюць адкрыць у Смаргоні ў ліпені 2014 года

2 снежня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. Адкрыццё мемарыяла памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні запланавана на ліпень 2014 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

Работы па падрыхтоўцы пляцоўкі для будучага мемарыяла ўжо часткова ажыццёўлены. Выканана вертыкальная планіроўка ў парку Перамогі, завезены грунт, праведзена ачыстка ад дрэў. Работы пакуль ажыццяўляюцца гаспадарчым спосабам, асвоены Br1 млрд. са сродкаў раённага бюджэту. У адпаведнасці з праектна-каштарыснай дакументацыяй, для таго каб поўнасцю ажыццявіць маштабныя задумы аўтарскага калектыву, спатрэбіцца каля Br30 млрд. Неабходна добраўпарадкаваць пляцоўкі і дарожкі ў парку, падыходы і пад'езды, пабудаваць капліцу, устанавіць сцены памяці, карты свету і ваенных падзей 1915-1917 гадоў, памятныя знакі з граніту і бронзы, устанавіць мемарыяльныя скульптуры і іншае. Каб знайсці сродкі на гэтыя мэты, плануецца ўключыць аб'ект у інвестыцыйную праграму на 2014 год. Самі бронзавыя скульптуры мемарыяла - "Крылаты геній салдацкай славы", а таксама "Салдаты Першай сусветнай" і "Бежанцы", якія суправаджаюць галоўную скульптуру, скульптура "Праклён вайне" - ужо выраблены. Работы па стварэнні скульптур былі прафінансаваны раней з бюджэту Саюзнай дзяржавы ў аб'ёме Br1,8 млрд. (каля $750 тыс. на 2006 год).

Згодна з праектам, асноўная частка комплексу размесціцца ў парку Перамогі Смаргоні. У яго ўвойдуць алея, бронзавыя скульптуры салдата і бежанца, камень з тэкстам звароту да нашчадкаў, шматметровая бронзавая скульптура "Крылаты геній салдацкай славы". Мяркуецца, што вышыня "Генія" пасля ўстаноўкі яго на каменную глыбу-пастамент скаладзе больш за 12 м. Памятныя знакі з тэкстам і з рэльефамі, якія адлюстроўваюць падзеі, што адбываліся менавіта на гэтым участку фронту, прадугледжана ўстанавіць і на вуліцах горада. Яшчэ адна частка мемарыяла размесціцца каля заходніх граніц Смаргоні, каля магістралі Мінск - Вільнюс, дзе захаваліся 12 нямецкіх бетонных дотаў. Скульптуру "Праклён вайне" ў выглядзе бронзавага салдата, які ўваткнуў штык у зямлю і працягвае рукі да неба, установяць на ўскраіне Смаргоні ў напрамку на Солы. Менавіта ў гэтым месцы было падпісана перамір'е ў Першай сусветнай вайне.

Праз Смаргонь з верасня 1915 года па люты 1918-га праходзіла лінія руска-германскага фронту. Горад не здаваўся ворагу 810 дзён, тут загінулі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў. У ходзе баёў 16-тысячны горад быў фактычна знішчаны, пасля вайны ў яго вярнуліся ўсяго каля 150 жыхароў.

У адпаведнасці з зацверджаным рэспубліканскім Планам мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, у Смаргоні ў ліпені 2014 года пройдзе міжнародны мітынг-рэквіем. Плануецца, што ўдзел у ім прымуць і прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Планам прадугледжана таксама правядзенне тэатралізаванага паказу з выступленнямі ваенна-гістарычных клубаў і грамадскіх аб'яднанняў, у ходзе якога будуць рэканструяваны фрагменты баёў. Акрамя таго, на 2014 год запланавана правядзенне выставак, патрыятычных акцый, прысвечаных Першай сусветнай вайне, добраўпарадкаванне мемарыялаў, правядзенне работ па пошуку няўлічаных воінскіх пахаванняў, адкрыццё турыстычных маршрутаў па мясцінах баявых дзеянняў. У кастрычніку 2014 года ў БДУ адбудзецца міжнародная канферэнцыя "Першая сусветная вайна ў гістарычных лёсах Еўропы".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі