Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Кст 2014

Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр дасць канцэрты ў Казані, Маскве, Мінску і Магілёве

20 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр у пачатку лістапада дасць канцэрты ў Казані, Маскве, Мінску і Магілёве, паведамілі БЕЛТА ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы.

3 лістапада калектыў выступіць у Казані, у Дзяржаўнай вялікай канцэртнай зале імя Саліха Сайдашава, дзе праходзяць самыя значныя падзеі ў палітычным і культурным жыцці Татарстана. 4 лістапада з нагоды адзначаемага ў Расіі Дня народнага адзінства юныя музыканты дадуць канцэрт у Маскве ў зале Палкаводцаў Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны.

У Мінску з канцэртам на сцэне вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі 6 лістапада маладзёжны аркестр уключыцца ў фестывальнае шэсце "Беларускай музычнай восені", 7 лістапада яго чакае Магілёў.

"Гастролі Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра з'яўляюцца значнай падзеяй у календары мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы, - адзначылі ў Пасткаме. - Выступленні аркестра сталі своеасаблівай візітнай карткай саюзных праектаў у галіне маладзёжнай культурнай палітыкі і яркім прыкладам асаблівай - музычнай - дыпламатычнай місіі ва ўстанаўленні міжрэгіянальных і міжнародных творчых кантактаў".

Калектыў арганізаваны ў 2008 годзе па ініцыятыве Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Узрост удзельнікаў аркестра - ад 14 да 18 гадоў. Усе яны - будучая музычная эліта Беларусі і Расіі, вучні дзвюх знакамітых школ: Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага, дзе вучацца таленавітыя дзеці з усіх рэгіёнаў Расіі, і Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Многія ўдзельнікі аркестра з'яўляюцца пераможцамі, лаўрэатамі і дыпламантамі юнацкіх міжнародных конкурсаў, маюць сур'ёзныя дасягненні ў сольным выкананні.

Штогадовыя гастролі аркестра арганізоўваюцца міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі і Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Аркестр вядзе творчае жыццё, параўнальнае з дзейнасцю прафесійных калектываў. За час свайго існавання ён даў канцэрты ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Чэхіі, а таксама ў гарадах Беларусі і Расіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі