30 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на саміце ў Мінску ўручыў Мікалаю Бардзюжу ганаровы знак АДКБ I ступені, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Такім чынам адзначаны значны ўклад Мікалая Бардзюжы ва ўмацаванне калектыўнай бяспекі, процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам, развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі - членамі АДКБ.
Кіраўнік беларускай дзяржавы асабліва падкрэсліў, што гэта ўзнагарода ўручаецца ўпершыню ў гісторыі арганізацыі. "Трэба сказаць, што гэты чалавек - узор і прыклад для будучых сакратароў. Мікалай Мікалаевіч кіраваў арганізацыяй больш за 13 гадоў і па праву заслужыў гэту ўзнагароду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч Мікалай Бардзюжа з красавіка 2003 па студзень 2017 года працаваў на пасадзе генеральнага сакратара АДКБ.