14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску прайшла жараб'ёўка гульняў матчу 2-га раўнда другой групы Еўра-Афрыканскай зоны розыгрышу Кубка Дэвіса паміж тэнісістамі Беларусі і Латвіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
15 ліпеня першымі на корт выйдуць беларус Ілья Івашка і латыш Марцінш Подзуш. Услед за імі згуляюць Яраслаў Шыла і Мікеліс Ліб'еціс.
У другі гульнявы дзень, 16 ліпеня, адбудзецца парная сустрэча. Капітан беларускай каманды Уладзімір Валчкоў заявіў на яе Аляксандра Бурага і Андрэя Васілеўскага, а яго латвійскі калега Карліс Лейніекс разлічвае на тандэм Яніс Подзуш і Рудольф Медніс.
У заключны дзень спаборніцтваў, 17 ліпеня, адбудуцца яшчэ два адзіночныя паядынкі: Ілья Івашка - Мікеліс Ліб'еціс, Яраслаў Шыла - Марцінш Подзуш.
Па рэгламенце Кубка Дэвіса капітаны каманд маюць права зрабіць замены.
Гэты сезон зборная Беларусі пачала з гасцявой перамогі над камандай Егіпта - 3:1. Латвійскія тэнісісты ў Даўгаўпілсе выйгралі ў каманды Манака з лікам 3:2.
Раней зборныя Беларусі і Латвіі яшчэ ні разу не сустракаліся паміж сабой у розыгрышы Кубка Дэвіса. У сусветным камандным рэйтынгу беларусы займаюць цяпер 45-е месца, латвійцы знаходзяцца трыма радкамі ніжэй.
Маючы адбыцца матч пройдзе на цэнтральным адкрытым корце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе на праспекце Пераможцаў, 63. Старт матчу адбудзецца 15 ліпеня ў 9.30, 16 ліпеня ў 11.00 пачнецца парная сустрэча, 17 ліпеня першы паядынак стартуе ў 10.00. Уваход свабодны.
Пераможца беларуска-латвійскага процістаяння згуляе ў верасні з трыумфатарам паўночнага дэрбі Данія - Фінляндыя за права выступіць у наступным сезоне класам вышэй - у першай групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса.