11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ілья Шымановіч устанавіў два рэкорды Беларусі па плаванні на адкрытым Кубку Ізраіля, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
На турніры, праведзеным у горадзе Нетанья, беларус на дыстанцыі 200 м брасам заняў другое месца і абнавіў дасягненне 19-гадовай даўнасці - 2 мін 13,22 сек. Ранейшы рэкорд устанавіў у 1997 годзе на чэмпіянаце Еўропы Аляксандр Гукаў - 2 мін 13.90 сек.
У заключны дзень спаборніцтваў Ілья Шымановіч выйграў сярэбраную ўзнагароду ў фінальным заплыве на дыстанцыі 100 м таксама з новым рэкордам краіны - 1 мін 00,88 сек.
Наступным важным стартам вядучых плыўцоў зборнай стане адкрыты чэмпіянат Беларусі, які 23-24 красавіка прыме Палац водных відаў спорту ў Брэсце.