7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская скакуха ў даўжыню Настасся Мірончык-Іванова ўстанавіла лепшы рэзультат сезона ў свеце на турніры ў Аўстрыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.
У сваёй лепшай спробе ўраджэнка Слуцка пераадолела 6 м 94 см. Кампанію на п'едэстале ёй склалі ўкраінка Марына Бех-Раманчук (6 м 82 см) і Нежа Філіпіч са Славеніі (6 м 52 см).
Раней Настасся Мірончык-Іванова паспяхова выступіла ў Марселі, дзе з рэзультатам 6 м 66 см заняла першае месца і апярэдзіла Талію Брукс з ЗША.
Беларуска прадоўжыць выступаць на міжнародных спаборніцтвах у нямецкім Дэсау-Рослау (8 верасня) і славацкім Шаморыне (11 верасня).