Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Кст 2014

Кулінарная карта Беларусі з'явіцца ў 2015 годзе

15 кастрычніка, Мінск /Наталля Злотнік - БЕЛТА/. Кулінарная карта Беларусі з'явіцца ў 2015 годзе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня праўлення БГА "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова.

Гастранамічны турызм цяпер актыўна развіваецца ва ўсім свеце. На думку Валерыі Кліцуновай, перспектыўны гэты напрамак і для Беларусі. Цяпер для развіцця такога віду турызму ў краіне з'яўляюцца гастранамічныя маршруты, праводзяцца кулінарныя фестывалі, напрыклад, "Мотальскія прысмакі" ў Іванаўскім раёне, вішнёвы фестываль у Глыбоцкім раёне, яблычны фестываль на Шаркаўшчыне і іншыя.

Кулінарная карта стане своеасаблівым даведнікам, які падкажа, што варта пакаштаваць у кожным з рэгіёнаў краіны. Акрамя таго, з яе дапамогай турыст зможа скласці ўласны гастранамічны тур. "Кожны рэгіён краіны павінен быць вядомы ў турыстычным плане. Адзін з варыянтаў - гэта стварэнне своеасаблівых кулінарных брэндаў, калі пэўная страва становіцца візітнай карткай рэгіёна і яе можна пакаштаваць ва ўсіх мясцовых установах", - лічыць Валерыя Кліцунова.

Папулярызацыя мясцовай кухні будзе садзейнічаць і развіццю аграэкатурызму, лічыць спецыяліст. Паводле яе ацэнак, колькасць турыстаў у беларускіх сядзібах у бягучым годзе павялічыцца ў параўнанні з мінулым годам. "Разам з тым, каб паток турыстаў пастаянна рос, гаспадарам сядзіб трэба ўдзяляць больш увагі арганізацыі актыўнага адпачынку, кааперавацца з гаспадарамі іншых турыстычных аб'ектаў, дамаўляцца аб супрацоўніцтве з музеямі, як гэта робяць уладальнікі аграсядзіб у Еўропе", - лічыць Валерыя Кліцунова.

Што датычыцца сертыфікацыі аграсядзіб з прысваеннем ім "пеўнікаў" (па аналогіі з гасцінічнымі зоркамі), то яна застанецца добраахвотнай. "Рабіць яе абавязковай для ўсіх суб'ектаў аграэкатурызму ў Беларусі пакуль не плануецца. Аднак прысваенне сядзібе катэгорыі на руку спажыўцу турпаслуг - турыст разумее, якія паслугі ён можа атрымаць у той ці іншай сядзібе", - сказала старшыня праўлення БГА "Адпачынак у вёсцы".

У 2015 годзе аграэкатурызм застанецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця турызму ў Беларусі, цяпер вызначаюцца ключавыя праекты ў гэтай сферы на наступны год. У бягучым годзе многія мерапрыемствы ў сферы аграэкатурызму прайшлі пад эгідай кампаніі "Простыя рэчы". Праект завершыцца школай сельскага турызму для маладых валанцёраў, якая пройдзе 16-17 кастрычніка ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Для ўдзельнікаў будуць арганізаваны адукацыйныя мерапрыемствы, экскурсіі па сядзібах, майстар-класы па гатаванні страў беларускай кухні, народных танцах і інш.

У час кампаніі "Простыя рэчы" ўдалося правесці 9 экалагічных адукацыйна-выхаваўчых акцый, арганізаваць валанцёрскія групы для работы на аб'ектах аграэкатурызму, выпусціць некалькі нумароў тэматычнага часопіса "Сельский туризм в Беларуси". Акрамя таго, у ходзе кампаніі прайшлі конкурс дзіцячага малюнка на тэму аграэкатурызму, канферэнцыя "Творчая лабараторыя зялёнага турызму", "Летнік рамёстваў", фестываль "Organic party", была запушчана сацыяльная рэклама "Простыя рэчы". Таксама пад эгідай кампаніі ў маі 2014 года прайшоў традыцыйны для Беларусі Дзень адкрытых дзвярэй на аграсядзібах. Канчатковыя вынікі кампаніі "Простыя рэчы" будуць падведзены на нацыянальнай канферэнцыі "Аграэкатурызм 2014 года: партнёрства і інавацыі" 21-22 лістапада ў Мінску.

Нацыянальнай арганізацыяй - выканаўцам праекта выступае Міністэрства спорту і турызму Беларусі. БГА "Адпачынак у вёсцы" з'яўляецца партнёрам праекта па рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнай кампаніі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі