Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

21 Aug 2014

Каралеўскі аркестр Канцэртгебау выступіць у Мінску на міжнародным фестывалі Юрыя Башмета

21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Камерата Каралеўскага аркестра Канцэртгебау Амстэрдам выступіць на IX Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета 4 кастрычніка, паведамляе БЕЛТА.

Каралеўскі аркестр Канцэртгебау, галоўны сімфанічны аркестр Нідэрландаў, быў заснаваны ў 1888 годзе і з'яўляецца адным са старэйшых у свеце. Менавіта гэты легендарны аркестр - першы ў рэйтынгу топ-20, які штогод складае самы рэспектабельны музычны часопіс "Grammophone". Для параўнання, Берлінскі філарманічны аркестр у гэтым спісе лічыцца другім, Венскі - трэцім. У 2013 годзе туды змаглі трапіць аркестры Марыінскага тэатра Валерыя Гергіева і Расійскі нацыянальны аркестр Міхаіла Плятнёва, заняўшы 14-ю і 15-ю пазіцыі адпаведна. Масцітыя крытыкі гавораць пра ўнікальны "эталонны" тэмбр аркестра Канцэртгебау, што вылучае яго сярод тысяч іншых сімфанічных калектываў. Аркестрам у розны час кіравалі легендарныя дырыжоры Бернард Хайцінг і Марыс Янсанс.

Камерата Каралеўскага аркестра Канцэртгебау Амстэрдам, якая выступіць у Мінску - Камерны аркестр, што складаецца выключна з артыстаў менавіта гэтага сусветна вядомага сімфанічнага аркестра. Калектыў аб'ядноўвае лепшых музыкантаў з розных краін і выступае толькі на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках і фестывалях свету.

Для таго, каб прыехаць у Беларусь на фестываль Башмета, знакамітыя артысты, у якіх за дзень да канцэрта ў Мінску адбудзецца іх выступленне ў Амстэрдаме, адмянілі свой выхадны. А ўжо 5 кастрычніка (на наступны дзень пасля канцэрта ў беларускай сталіцы) яны зноў выступяць на сваёй роднай пляцоўцы ў Канцэртгебау. Менавіта таму пачатак канцэрта ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі аб'яўлены на 20 гадзін.

У якасці дырыжора і саліста выступіць адзін з самых выдатных сучасных габаістаў Аляксей Агрынчук, які паспяхова спалучае работу ў Каралеўскім аркестры з сольнай кар'ерай і прафесурай у Швейцарыі. Гэта бліскучы музыкант, які пакарыў гукам свайго інструмента без перабольшання ўвесь свет.

На сцэне Вялікай канцэртнай залы філармоніі ў гэты дзень прагучаць канцэрт для габоя з аркестрам В. Беліні, сімфонія нумар 24 В. А. Моцарта і іншыя музычныя шэдэўры сусветнай класікі.

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які ўпершыню адбыўся ў 2006 годзе, праводзіцца пад патранатам беларускага Прэзідэнта і арыентаваны на аб'яднанне творчых сіл Беларусі, Расіі і іншых краін. Сюды штогод прыязджаюць выдатныя артысты сучаснасці. Дзякуючы фестывалю ў маладых таленавітых музыкантаў ёсць магчымасць выступіць на адной сцэне з сусветна вядомымі артыстамі. Аўтарам ідэі фестывалю Башмета і яго мастацкім кіраўніком стаў беларускі піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускнік Каралеўскай акадэміі музыкі Лондана Расціслаў Крымер. Ганаровым сустаршынёй арганізацыйнага камітэта фестывалю з'яўляецца народны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Расіі Юрый Башмет.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі