Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Жнв 2016

Каляндар падзей у Беларусі: верасень 2016

Фолк-фестываль "Камяніца"Фолк-фестываль "Камяніца"

Выстаўка рарытэтных веласіпедаў у Мінску

Выстаўка рарытэтных веласіпедаў у МінскуМіжнародны праект "Усё жыццё ў адным веласіпедзе", упершыню прадстаўлены на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2015" у Мілане, запрашае акунуцца ў гісторыю веласіпеда - унікальнага сродку перамяшчэння і аднаго з вялікіх вынаходстваў, якое істотна аблягчыла жыццё еўрапейскіх гараджан і вясковых жыхароў. Наведвальнікі выстаўкі даведаюцца пра многія цікавыя факты аб жыцці і штодзённых клопатах прадстаўнікоў розных прафесій - свяшчэнніка, урача, пажарнага, пекара, малочніка, краўца, цырульніка - і пра тую ролю, якую адыграла ў іх перамяшчэннях з'яўленне веласіпеда. Эксклюзіўная калекцыя - а самаму "маладому" экспанату ў ёй ужо больш за 60 гадоў - належыць італьянцу Маўрыцыа Урбінаці, які на працягу чатырох дзесяцігоддзяў збірае старадаўнія веласіпеды з цікавым лёсам.

Калі: 18 лютага 2016 – люты 2017
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі
Даведацца падрабязней

"Мастак і горад". Выстава рэпрадукцый Валянціна Губарава

"Мастак і горад". Выстава рэпрадукцый Валянціна ГубараваПраект "Мастак і горад", вядомы дзякуючы выставам рэпрадукцый вялікіх майстроў Марка Шагала, Казіміра Малевіча і Мікалая Селешчука, запрашае азнаёміцца з творчасцю выдатнага сучасніка – прадстаўніка беларускага наіўнага мастацтва Валянціна Губарава. На працягу двух дзясяткаў гадоў яго работы ўпрыгожваюць залы вядомай французскай галерэі Les Tournesols, аднак застаюцца невядомымі для шырокай публікі на радзіме. У экспазіцыі пад адкрытым небам прадстаўлены рэпрадукцыі 30 карцін, што нагадваюць карыкатуры, у якіх майстар адлюстроўвае будні правінцыяльных гарадоў і іх жыхароў. Паводле слоў самога мастака-прымітывіста, яму падабаецца "душэўнасць простых людзей, якія ўладкоўваюць свет згодна са сваімі густамі і ўяўленнямі аб прыгажосці"…

Калі: 26 мая – 9 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа
Даведацца падрабязней

Арт-праект "Спадчына Беларусi. Адноўленыя архітэктурныя каштоўнасці"

Арт-праект "Спадчына Беларусi ў сусветным спiсе ЮНЕСКА"На працягу ўжо некалькіх гадоў мінчане і госці сталіцы знаёмяцца з выдатнымі мясцінамі Беларусі, якія ведаюць ва ўсім свеце. унікальнасць якіх прызнаецца ва ўсім свеце. У гэтым годзе галерэя пад адкрытым небам аб'яднала больш як 100 рэпрадукцый з адлюстраваннем помнікаў архітэктурнай спадчыны, сярод якіх гарадскія ратушы, сядзібы і палацава-паркавыя комплексы, праваслаўныя і каталіцкія храмы, адроджаныя за апошнія дзесяцігоддзі ў розных рэгіёнах краіны. Аўтары арт-праекта – вядомыя фатографы, журналісты, лаўрэаты прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2005) Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, якія ў 2004 годзе выпусцілі фотаальбом "Спадчына Беларусі", што стаў сапраўдным хітом продажаў у гісторыі нацыянальнага кнігавыдання: з 2004 па 2014 год прададзена больш як 42 тысячы экзэмпляраў.

Калі: з 21 мая
Дзе: Мінск, парк імя Чалюскінцаў

Выстаўка высокай моды "Mir Couture" ў Мірскім замку

Выстаўка высокай моды "Mir Couture" ў Мірскім замкуЭксклюзіўная выстаўка французскага куцюр'е Дэні Дзюрана (Denis Durand Couture), якога называюць заканадаўцам мод Канскага фестывалю, адкрыецца ў інтэр'ерах Мірскага замка – адной з самых выдатных мясцін Беларусі, унесенай у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У 2013-м годзе зоркі беларускага тэатра і кіно паўсталі на чырвонай дарожцы ХХ ММКФ "Лiстапад" у элегантных уборах ад знакамітага француза. На гэты раз замест моднага дэфіле наведвальнікі ўбачаць 15 раскошных вобразаў вячэрняй і вясельнай моды, у тым ліку сукенку з тканіны, зробленай у Беларусі ўручную. Дапоўняць калекцыю сілуэты, створаныя у сааўтарстве з вядомым мінскім мадэльерам Апці Эзіевым, а таксама ювелірныя ўпрыгажэнні і аксесуары ад беларускіх дызайнераў: клатчы, кашалькі, рамяні, галаўныя ўборы са скуры і металу…

Калі: 16 чэрвеня – 3 верасня
Дзе: Гродзенская вобласць, г.п. Мір, Мірскі замак

"Арт-астравы" на Камсамольскім возеры ў Мінску

"Арт-астравы" на Камсамольскім возеры ў МінскуПраект "Арт-астравы" ў 2015-м годзе стаў буйнейшым у Беларусі "музеем" інсталяцый пад адкрытым небам і сабраў каля 500 тысяч паклоннікаў сучаснага мастацтва. У новай экспазіцыі прадстаўлены творчыя работы беларускіх майстроў – 15 эксклюзіўных арт-аб’ектаў, вышыня якіх перасягае пяць метраў, а агульная вага дасягае 40 тон. Сярод самых цікавых – гіганцкія коканы на дрэвах, трохколавы веласіпед, алегорыя сучаснага горада і шпакоўня для думак. Наведвальнікі змогуць зрабіць падарожжа ў прасторы і ў часе, пабываць у абдымках прыроды, паглыбіцца ў містычны свет, паўдзельнічаць у філасофскім квесце і нават станцаваць з ценямі.

Калі: 23 чэрвеня – 10 верасня
Дзе: Мінск, востраў Камсамольцаў, Камсамольскае возера

Выстаўка "Свабодны музей: гарадскія легенды"

Выстаўка "Свабодны музей: гарадскія легенды"Праект "Свабодны музей" запрашае жыхароў і гасцей горада пазнаёміцца з героямі нашага часу, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры: вучонымі, вынаходцамі, літаратарамі, кампазітарамі, рэжысёрамі, артыстамі, спартсменамі… У гістарычным цэнтры Мінска можна ўбачыць партрэты вядомых мінчан – кампазітара Мікалая Аладава, балерыны Людмілы Бржазоўскай, дырыжора Рыгора Шырмы, актрысы Стафаніі Станюты, прадпрымальніка Мейлаха Пупко… Усяго ў "жывой" экспазіцыі – 20 рэпрадукцый з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, многія з якіх упершыню прадстаўлены на суд шырокай публікі.

Калі: 30 чэрвеня – 30 верасня
Дзе: Мінск, плошча Свабоды

Выстаўка Міхаіла Савіцкага "Лічбы на сэрцы"

Выстаўка Міхаіла Савіцкага "Лічбы на сэрцы"Выстаўка карцін "Лічбы на сэрцы" Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі і СССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Савіцкага расказвае наведвальнікам пра лёс беларускага народа ў адной з самых кровапралітных войнаў у гісторыі чалавецтва. Аўтар знакамітай "Партызанскай мадонны" ў мастацкіх цыклах адлюстраваў гераізм беларускага народа ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адна з самых пранізлівых старонак яго хронікі вайны – серыя з 16 палотнаў "Лічбы на сэрцы", створаных па асабістых успамінах мастака аб перажытых жахах у нямецкіх канцлагерах Дзюсельдорфа, Бухенвальда і Дахау. Паводле слоў самога майстра, "жывапіс, можа раскрыць глыбокі трагізм вайны, уздзейнічаючы на чалавека выключна праз сэрца, эмоцыі і душэўнае сузіранне".

Калі: 28 ліпеня – 9 кастрычніка 
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Даведацца падрабязней

Алімпійскі кваліфікацыйны турнір па хакеі-2016

Алімпійскі кваліфікацыйны турнір па хакеі-2016У першыя дні верасня Мінск прымае кваліфікацыйны турнір па хакеі, дзе за пуцёўку на XXIII зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане будуць змагацца мацнейшыя зборныя групы D – Беларусь, Данія, Польшча і Славенія. Паядынкі з удзелам нацыянальнай зборнай пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Дэйва Льюіса пройдуць на лёдзе аднаго з буйнейшых спартыўных комплексаў у Еўропе – "Мінск-Арэны", якая ў 2014 годзе была галоўнай пляцоўкай чэмпіянату свету па хакеі.

У гэты ж час у Латвіі і Даніі пройдуць адборачныя матчы ў групах E і F, дзе вызначацца яшчэ дзве каманды, якія атрымаюць права прадставіць сваю краіну на Алімпіядзе-2018.

Калі: 1 – 4 верасня
Дзе: Мінск-Арэна
Даведацца падрабязней

Мінскі паўмарафон-2016

Мінскі паўмарафон-2016Мінскі паўмарафон, які ўжо атрымаў сусветнае прызнанне, стане знакавай падзеяй Дня горада і збярэ ў цэнтры беларускай сталіцы тысячы спартсменаў і аматараў актыўнага ладу жыцця. Забег у 2015 годзе зрабіў сур'ёзную заяўку на рэкорд: у спаборніцтвах прынялі ўдзел звыш 16 тысяч аматараў бегу, у тым ліку больш за 400 атлетаў з 36 краін. Аднак гэта, паводле слоў арганізатараў, далёка не мяжа: у бягучым годзе замежныя госці могуць скарыстацца магчымасцю бясплатна атрымаць беларускую візу. Акрамя "кароннай" дыстанцыі – 21,1 км, у праграме таксама забегі на 5 км і 10 км. Чакаецца, што на старт выйдзе пераможца 2015 года Вольга Мазуронак, якая заняла 5-е месца на Гульнях у Рыа. Пачэсным госцем стане таксама бронзавы прызёр Алімпіяды-2016 – беларуская "залатая рыбка" Аляксандра Герасіменя.

Калі: 4 верасня
Дзе: Мінск

XXIII Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове

XXIII Дзень беларускага пісьменства ў РагачовеСталіцай Дня пісьменства-2016 выбраны Рагачоў – прыгожы горад над Дняпром, вядомы ўжо з ХII стагоддзя, багаты імёнамі таленавітых пісьменнікаў, паэтаў, журналістаў, дзеячаў мастацтваў. Напрыклад, менавіта тут Уладзімір Караткевіч пісаў свае знакамітыя раманы "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Каласы пад сярпом тваім" і, вядома, дзіўную навелу пра сярэдневяковага двараніна з Рагачова "Ладдзя роспачы". Галоўныя тэмы цяперашняга форуму – Год культуры, падрыхтоўка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама юбілеі вядомых пісьменнікаў – Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Змітрака Бядулі, Івана Мележа і Кандрата Крапівы. У рамках праграмы пройдуць больш за 70 мерапрыемстваў: навукова-асветная экспедыцыя "Дарогамі святыні" па Гомельскай вобласці, міжнародны круглы стол пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя, фестываль кнігі і прэсы, кніжныя экспазіцыі, прэзентацыі СМІ і выдавецтваў, свята літаратурных дажынак і, бадай, адна з галоўных падзей года – уручэнне II Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Калі: 4 верасня
Дзе: Гомельская вобласць, Рагачоў
Даведацца падрабязней

Фотапраект Кацярыны Раждзественскай "Прыватная калекцыя"

Фотапраект Кацярыны Раждзественскай "Прыватная калекцыя"Выдатны фатограф, журналіст і мастак-мадэльер, дачка знакамітага паэта Роберта Раждзественскага – Кацярына Раждзественская – прадставіць у Мінску свой новы праект "Прыватная калекцыя". У яго аснове – пераўвасабленне вядомых персон нашага часу ў герояў, адлюстраваных на палотнах вялікіх мастакоў: Веласкеса, Дзюрэра, Рэмбрандта, Манэ, Рэнуара, Сурыкава, Рэпіна... Экспазіцыя прадставіць больш за 100 стылізаваных партрэтаў у суправаджэнні арыгінальных рэпрадукцый, якія дадуць магчымасць ацаніць майстэрства фатографа і ўдзельнікаў эксклюзіўнага праекта. Сярод герояў – Людміла Гурчанка, Уладзімір Співакоў, Лія Ахеджакава, Анатоль Карпаў, Крысціна Арбакайтэ, Філіп Кіркораў, Іна Чурыкава, Андрэй Макарэвіч...

Калі: 8 верасня – 30 кастрычніка
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

XХI Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа"

XХI Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа"Міжнародны фестываль у Брэсце, які ў мінулым годзе адзначыў 20-годдзе, зноў збірае сяброў. У горад над Бугам прыедуць 27 тэатральных калектываў з 17 краін – Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Румыніі, Малдовы, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і Туркменістана. У фестывальную праграму ўвайшлі класічныя і сучасныя пастаноўкі як прывычных ужо жанраў (драма, мюзікл, рок-опера, вулічныя перформансы), так і новых: фантасмагорыя, гульня ў гатычны трылер, непраўдападобная прытча, школьны квест. Адкрые форум спектакль "Дванаццатая ноч" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Па традыцыі акцёры брэсцкага тэатра прадставяць на дамашняй сцэне прэм'еру – спектакль паводле п'есы Людмілы Разумоўскай "Дарагая Алена Сяргееўна".

Калі: 9 – 16 верасня
Дзе: Брэст, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Абласны грамадска-культурны цэнтр, Цэнтр маладзёжнай творчасці
Даведацца падрабязней

Фолк-фестываль "Камяніца"-2016

Фолк-фестываль "Камяніца"-2016VIII Фестываль "Камяніца" збярэ майстроў і паклоннікаў беларускай этнікі на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту. Хэдлайнеры – этнатрыа "Троіца" і спявачка Іна Жаланная, якая прадставіць альбом "Изворот", запісаны ў 2014 годзе сумесна з амерыканскім бас-гітарыстам, экс-удзельнікам рок-групы "King Crimson" Трэем Ганам. У open air канцэрце прымуць удзел калектывы "Оле-Лукое" з Санкт-Пецярбурга, украінская "Тарута", а таксама беларуская рок-група "Re1ikt". У бягучым годзе форум пашырыць праграму да сучаснай музыкі: на этнасцэне выступіць маладая беларуская спявачка Паліна Рэспубліка, якая паспела заваяваць сэрцы тысяч паклоннікаў, а яе дэбютны дыск "Бясконцы красавік" у 2015-м увайшоў у спіс прэтэндэнтаў на прэстыжную прэмію.

Калі: 10 верасня
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Міжнародныя спаборніцтвы па тэнісе "Кубак Дэвіса-2016" у Мінску

Міжнародныя спаборніцтвы па тэнісе "Кубак Дэвіса-2016" у МінскуУ ліпені на мінскіх кортах адбыліся матчы 2-га круга II групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса-2016, у якіх беларускія тэнісісты пад кіраўніцтвам зорнага трэнера Уладзіміра Валчкова ўпэўнена перайгралі літоўскую каманду з лікам 4:1, заслужыўшы права пазмагацца за пуцёўку ў першую групу. На гэты раз майстры ракеткі згуляюць у плэй-оф з камандай Даніі (43-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу), якая перамагла Фінляндыю ў адборачным туры – 3:2. На дамашнія корты выйдуць лідары нацыянальнай зборнай – Ілья Івашка і Яраслаў Шыла, якія паказалі ўжо бліскучую гульню з падапечнымі Карліса Лейніекса, а ў парным разрадзе заяўлены Аляксандр Буры і Андрэй Васілеўскі.

Калі: 16 – 18 верасня
Дзе: Мінск, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе
Даведацца падрабязней

VIII Міжнародны харэаграфічны фестываль "Сожскі карагод"

VIII Міжнародны харэаграфічны фестываль "Сожскі карагод"Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва, які праводзіцца ў Гомелі з 1997 года, у Год культуры пашырыць геаграфію ўдзельнікаў. Плануецца, што гэты форум прыме творчыя калектывы больш як з 40 краін, сярод якіх удзельнікі мінулых гадоў – Расія, Украіна, краіны Балтыі, Малдова, Сербія і Казахстан, а таксама дэбютанты – Кітай, Індыя і Аргенціна. Паводле задумы галоўнага рэжысёра Пятра Свярдлова, на цырымоніі адкрыцця, якая адбудзецца на цэнтральным стадыёне горада, прадстаўнікі розных культур стануць рознакаляровымі "ніткамі" вялізнага танцавальнага "палатна" – сімвала творчага саюза і дружбы народаў. У рамках праграмы форуму пройдуць VII Фестываль агню "ГОФФ-2016" і міжнародны турнір па спартыўных і бальных танцах на Кубак Гомеля "Залатая рысь".

Калі: 16 – 18 верасня
Дзе: Гомель
Даведацца падрабязней

"Гонка легенд біятлона"-2016 у Раўбічах

"Гонка легенд біятлона"-2016 у РаўбічахУнікальны праект "Гонка легенд – зоркі біятлона за мір", ініцыятарам якога стала трохразовая алімпійская чэмпіёнка, уладальніца Вялікага хрустальнага глобуса Дар'я Домрачава, у бягучым годзе збярэ яшчэ большую колькасць удзельнікаў і гасцей. На трасе знакамітага спартыўнага комплексу "Раўбічы" зноў сустрэнуцца 30 лепшых страляючых лыжнікаў з розных краін свету. У зорным спісе – францужанка Фларанс Баверэль-Рабер, нарвежац Фрудэ Андрэсен, немцы Свен Фішэр і Рыка Грос... Галоўны акцэнт праграмы спаборніцтваў – мас-старт і змешаная эстафета. Арганізатары грунтоўна падрыхтаваліся да маючага адбыцца турніру, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў беларускіх і замежных балельшчыкаў, павялічыўшы колькасць месц на трыбунах да 10 тысяч.

Калі: 18 верасня
Дзе: Мінск, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы"
Даведацца падрабязней

V Экалагічнае свята "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю"

V Экалагічнае свята "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю"Экафестываль з рамантычнай назвай "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю" кожны верасень, пачынаючы з 2012 года, праходзіць у знакамітым заказніку "Ельня", які мае міжнародны статус Рамсарскага ўгоддзя. Менавіта тут, на адным з буйнейшых верхавых балот Еўропы, у пачатку восені пачынаюць збіраць самыя вялікія ў краіне ўраджаі журавін і сустракаць вялізныя чароды птушак. У час асенняй міграцыі ў наваколлі Ельні спыняюцца каля 4000 шэрых журавоў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў. У бягучым годзе па традыцыі арнітолагі і аматары беларускай прыроды змогуць зрабіць прагулку па экасцежках і паназіраць за птушкамі ў прыродных умовах. Гасцей экафэсту чакаюць цікавыя мерапрыемствы: фотавыстава "Подых Ельні", прэзентацыі аграэкасядзіб "Запаветны куток", кірмаш вырабаў народных майстроў "Журавель – чарадзей", канцэрт творчага калектыву "Пралескі" з латвійскага Даўгаўпілса, конкурсная шоу-праграма "Мёрская журавінка", а таксама кулінарны майстар-клас "Цвецінскія прысмакі" па гатаванні беларускіх страў з журавінавай начынкай.

Калі: 18 верасня
Дзе: г. Мёры, Віцебская вобласць

Праграма "Трыумфатары арэны" ў Белдзяржцырку

Праграма "Трыумфатары арэны" ў Белдзяржцырку Праграма "Трыумфатары арэны", якая адкрые новы цыркавы сезон, парадуе незвычайнымі рэжысёрскімі знаходкамі і сюрпрызамі. Так, упершыню на галоўны манеж краіны выйдзе адзіны ў свеце дрэсіраваны насарог, а таксама гледачоў чакае захапляльны атракцыён "Шамбала. Дрэсура белых тыграў" пад кіраўніцтвам заслужаных артыстаў Расіі Алены Фядотавай і Сяргея Несцерава. У праграме шоу – "Акрабаты на сустрэчных арэлях" пад кіраўніцтвам Аляксандра Скокава, "Камічная дрэсура коней" Вольгі Дзягілевай, "Бокс з кенгуру" Аляксея Паручаева, а таксама дрэсура сабак "Вясенні джаз" Алісы Несцеравай – маладой артысткі Маскоўскага цырка Нікуліна на Каляровым бульвары. Упрыгожыць паказ шматразовы прызёр міжнародных фестываляў цыркавога мастацтва, уладальнік "Залатога клоўна 2011 года" Армен Асіранц.

Калі: 23 верасня – 16 кастрычніка
Дзе: Мінск, Белдзяржцырк

Свята сярэдневяковай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў"-2016

Свята сярэдневяковай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў"-2016Фестываль сярэдневяковай культуры запрашае наведаць старажытны беларускі горад Мсціслаў і акунуцца ў эпоху высакародных рыцараў і прыгожых дам. У рамках фестывалю пройдуць рыцарскія турніры, конныя паказы і паядынкі, турніры лучнікаў і троек, а таксама самая відовішчная гістарычная рэканструкцыя – начны штурм і спальванне замка. Акрамя таго, у праграме – тэатралізаванае выступленне мінскага вулічнага тэатра "Вір", майстар-класы па баявым майстэрстве і сярэдневяковых танцах, манастырскі скляпок і горад майстроў. Кульмінацыяй фестывалю стане канцэрт беларускай фолк-музыкі пры ўдзеле вядомых фэнтэзі-груп "Irdorath" і "Nevrida" і эфектнае вогненнае шоу.

Калі: 23 – 24 верасня
Дзе: Мсціслаў, Магілёўская вобласць

VI Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"

VI Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"Самы чаканы фестываль мінскай тэатральнай восені – "ТЭАРТ"-2016 – прадставіць гледачам 22 пастаноўкі з 9 краін: Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Славеніі, Францыі, Швейцарыі і Германіі. Афіша падзелена на тры блокі: міжнародная праграма, беларускі шоукейс "Belarus Open" і дадатковыя мерапрыемствы. Адкрыецца фестываль спектаклем тэатральна-музычнага праекта "З жыцця насякомых" рэжысёраў Святланы Бень і Дзмітрыя Багаслаўскага. У шматжанравым калейдаскопе асаблівай увагі заслугоўваюць танцавальнае падарожжа "Карані" Нацыянальнага харэаграфічнага цэнтра Ла-Рашэлі, музычная гісторыя "Кінг сайз" Крыстафа Марталера і трагікамедыя "Мера за меру" Дэклана Донелана, які атрымаў "Залатога льва" на Венецыянскім біенале 2016 года... Завершыць форум спектакль знакамітага расійскага рэжысёра Юрыя Бутусава "Горад. Жаніцьба. Гогаль", які ў 2015 годзе атрымаў прэмію "Залаты Сафіт" у намінацыі "Лепшы спектакль на вялікай сцэне".

Калі: 28 верасня – 20 кастрычніка
Дзе: Мінск

XI Міжнародны музычны фестываль Юрыя Башмета

XI Міжнародны музычны фестываль Юрыя БашметаМіжнародны фестываль Юрыя Башмета – адна з галоўных музычных падзей года, якая зноў аб'яднае на беларускай сцэне лепшых выканаўцаў з усяго свету. Форум адкрыецца канцэртнай праграмай "Масква – Вена", у якой выступяць два выдатныя музыканты – скрыпач Сяргей Крылоў і піяніст Расціслаў Крымер. Міжнародны дзень музыкі – 1 кастрычніка – запомніцца шэдэўрамі сусветнай класікі: два фартэпіянныя канцэрты (Трэці канцэрт Пракоф'ева і Рапсодыя Рахманінава на тэму Паганіні) прагучаць у выкананні расійскага піяніста Мікалая Луганскага, якога называюць самым рамантычным музыкантам нашага часу. У рамках вечара "Легенды на скрыпцы Страдывары" камерны аркестр "EAST-WEST CHAMBER ORCHESTRA" пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера выступіць з вядомай нямецкай скрыпачкай Вівіян Хагнер. Завяршальным акордам стане канцэрт уладальніка прэміі "Грэмі" – камернага ансамбля "Салісты Масквы" пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета.

Калі: 30 верасня – 11 кастрычніка
Дзе: Мінск, Беларуская дзяржаўная філармонія

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі