Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Ліп 2013

Каляндар падзей у Беларусі: жнівень 2013

Выстаўка "Слуцкія паясы"

Выстаўка "Слуцкія паясы" Слуцкія паясы – сусветна вядомая рэліквія беларускага народа. Шэдэўры ткацтва ствараліся ў ХVIII - XIX стагоддзях на мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая, што прыналежыла князям Радзівілам. Паясы з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак ткалі ўручную па вельмі складанай тэхналогіі. З даўніх часоў яны былі атрыбутам мужчынскага касцюма, сімвалам улады і багацця ўладальніка. На выстаўцы прадстаўлены 4 паясы канца XVIII – пачатку XIX стагоддзяў са збору Львоўскага гістарычнага музея, а таксама партрэты прадстаўнікоў беларускай шляхты XVIII-XIX стагоддзяў.

Калі: 8 мая 2013 – 18 красавіка 2014
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

"Ажыўшыя карціны" Андрэя Смаляка

"Ажыўшыя карціны" Андрэя СмалякаНезвычайная мастацкая галерэя адкрылася ў Мінску на агароджы ўздоўж Парку Чалюскінцаў. Экстравагантны беларускі мастак Андрэй Смаляк і яго жонка Вольга прадставілі публіцы праект "Ажыўшыя карціны", які аб'яднаў стваральніка і выдатных асоб сферы культуры і спорту, бізнесу і палітыкі. З дапамогай каманды прафесіяналаў - дызайнераў, мастакоў па касцюмах, грымёраў, дэкаратараў, фотамастакоў - карціны Андрэя Смаляка ажылі ў фотавобразах з вядомымі беларускімі персонамі. У ролі герояў палотнаў мастака выступілі Максім Мірны, Дар'я Домрачава, Анжаліка Агурбаш, Анатоль Ярмоленка, рэжысёр Андрэй Курэйчык, беларускія зоркі дзіцячага "Еўрабачання"... Сярод будучых удзельнікаў праекта Андрэя Смаляка - актрыса Моніка Белучы, супермадэль свету Кацярына Даманькова, зоркі вялікага спорту.

Калі: 26 мая - лістапад 2013 года
Дзе: Мінск, Парк Чалюскінцаў

"Мастак і горад". Выстаўка рэпрадукцый Казіміра Малевіча

"Мастак і горад". Выстаўка рэпрадукцый Казіміра МалевічаПраект "Мастак і горад" запрашае гасцей і жыхароў беларускай сталіцы дакрануцца да спадчыны вялікіх майстроў, жыццё і творчасць якіх цесна звязана з нашай краінай. У 1919 годзе аўтар "Чорнага квадрата" пераехаў жыць у Віцебск, дзе кіраваў майстэрняй у мастацкай школе Марка Шагала. А ў 1922 годзе там жа Малевіч скончыў работу над сваёй галоўнай тэарэтычнай працай - "Супрэматызм. Свет як беспрадметнасць або вечны спакой"... Экспазіцыя з 18 работ вялікага авангардыста пад адкрытым небам прапануе ў простай атмасферы паразважаць над творчасцю Малевіча. Рэпрадукцыі будуць суправаджацца апісаннем на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Калі: 6 чэрвеня - 20 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа
Даведацца больш падрабязна

Выстаўка "Каштоўныя ўзоры. Золата ў помніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і пісьменства"

Выстаўка "Каштоўныя ўзоры. Золата ў помніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і пісьменства"Наведвальнікі выстаўкі азнаёмяцца з унікальным зборам са 130 помнікаў гісторыі, культуры і мастацтва Маскоўскага гістарычнага музея, створаных з выкарыстаннем золата. Здаўна святло жоўтага металу асацыіравалася з сонечным цяплом і, вядома, багаццем. У калекцыі мастацкіх твораў XIV - ХХ стагоддзяў, акрамя рарытэтных выданняў богаслужэбных кніг і царкоўнага начыння, асаблівую цікавасць маюць галаўныя ўборы, хусткі жыхарак цэнтральных губерняў Расіі, аздобленыя залатой вышыўкай.

Калі: 8 чэрвеня - 14 верасня
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей

Выстаўка "Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага"

Барбара Радзівіл Экспазіцыя ўяўляе сабой унікальны збор партрэтаў дзеячаў аднаго з самых значных у станаўленні беларускага народа перыядаў – эпохі Вялікага Княства Літоўскага. На працягу некалькіх месяцаў у Мінску можна ўбачыць карціны, якія знаходзяцца ў калекцыі буйнейшых культурных скарбніц украінскага Львова: Гістарычнага музея і Нацыянальнай галерэі мастацтваў, а таксама Валынскага краязнаўчага музея. Значная частка партрэтаў звязана не толькі з дзяржаўнымі справамі кіраўнікоў і магнатаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай у XIV–XVIII стагоддзях, але і з падзеямі іх асабістага жыцця. Асаблівую цікавасць уяўляюць партрэты знатных дам і прыгажунь Вялікага Княства Літоўскага: Барбары Радзівіл, Элеаноры Марыі Аўстрыйскай, жонкі караля Яна III Марыі Казіміры Сабескай...

Калі: 8 мая - 26 жніўня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

"ABC show" у Мінску

"ABC show" у МінскуПаказ калекцыі лепшых рэкламных ролікаў свету "ABC show" у Мінску ўжо становіцца традыцыяй нараўне з "Ноччу пажыральнікаў рэкламы". На працягу двух дзён гледачы ўбачаць толькі самыя эпатажныя і ўражальныя відэа, якія атрымалі ў 2012 годзе найбольшую колькасць прафесійных прызоў з усяго свету. Гэта гран-пры, залатыя, сярэбраныя і бронзавыя ўзнагароды такіх фестываляў як Cannes Lions, Golden Drum, Cristal Festival, British Television Advertising Awards.

Калі: 1-2 жніўня
Дзе: Мінск, кінатэатр "Кастрычнік"

Фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі"

Фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі"Кожны год у першую суботу жніўня ў гарадку, які здаўна славіцца традыцыямі шапавальства, праходзіць каларытны фестываль-кірмаш "Дрыбінскія таржкі". Госці свята ўбачаць, як беларускія майстры плятуць лапці, ствараюць шэдэўры з саломы і лазы, вышываюць цудоўныя ўзоры на ручніках і настольніках. А галоўнае, толькі ў Дрыбіне можна азнаёміцца з унікальнымі вырабамі мясцовых шапавалаў, рамяство якіх унесена ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі і рыхтуецца да ўключэння ў Cпіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Майстры прадставяць цёплыя валёнкі, шапкі-магеркі, рукавіцы, упрыгажэнні з воўны і шмат іншага. На фестывалі кожны знойдзе занятак даспадобы: канцэрты і выступленні творчых калектываў, майстар-класы рамеснікаў, дэгустацыі беларускіх нацыянальных страў, займальныя конкурсы для дзяцей і дарослых.

Калі: 3 жніўня
Дзе: г.п. Дрыбін, Магілёўская вобласць

VI Нацыянальны чэмпіянат па ручной касьбе нізінных балот "Спораўскія сенажаці"

VI Нацыянальны чэмпіянат па ручной касьбе нізінных балот "Спораўскія сенажаці"Гэта не толькі вельмі відовішчная падзея, але і адзінае ў Беларусі спаборніцтва, куды збіраюцца лепшыя касцы краіны і замежжа, а пераможцы атрымліваюць пуцёўкі на еўрапейскі чэмпіянат па ручной касьбе. Беларускі адбор праходзіць у прыгожай нізіннай мясцовасці знакамітага Прыпяцкага Палесся – рэспубліканскім біялагічным заказніку "Спораўскі". Прадэманстраваць уменне ўдзельнікі могуць асабіста і ў камандзе, на розных дыстанцыях (даўжыня ад 50 да 100 метраў і шырыня 1,5–3 метры). Інтрыга спаборніцтваў захоўваецца да апошняй хвіліны, паколькі ўмовы сапраўды складаныя: балоцістая мясцовасць, высокая трава і чарот, капрызы надвор'я... У захапляючым чэмпіянаце прымаюць удзел не толькі мужчыны: пераможцаў вызначаюць і сярод цудоўных дам, і сярод самых юных касцоў.

Калі: 3 жніўня
Дзе: рэспубліканскі біялагічны заказнік "Спораўскі", в. Здзітава, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Прастольнае свята ў гонар абраза Маці Божай Адзігітрыі

Прастольнае свята ў гонар абраза Маці Божай АдзігітрыіУ самым маленькім горадзе Беларусі - Дзісне - кожны год 10 жніўня праходзіць прастольнае свята і мнагалюднае шэсце ў гонар старадаўняй святыні. Цудатворны абраз Маці Божай Адзігітрыі напісаны на драўлянай аснове ў ХV стагоддзі, а ў Дзісну прыплыў па рацэ Заходняя Дзвіна ў XVIII стагоддзі. Стагоддзі таму спецыяльна для яе ўзвялі царкву, а сёння абраз знаходзіцца ва Уваскрасенскім храме Дзісны. У святочны дзень жыхары і госці горада праходзяць у шэсці па вуліцах ад Уваскрасенскай царквы да Адзігітрыеўскай і назад, служаць малебен і пакланяюцца святыні.

Калі: 10 жніўня
Дзе: г. Дзісна, Міёрскі раён, Віцебская вобласць

VI Міжнародны кулінарны фестываль "Мотальскiя прысмакi"

VI Міжнародны кулінарны фестываль "Мотальскiя прысмакi"Самы "смачны" фестываль Беларусі, слава пра які разляцелася па ўсім свеце, праходзіць у знакамітай вёсцы Моталь Іванаўскага раёна. Сярод яе выдатных мясцін – дом-музей першага прэзідэнта Ізраіля  Хаіма Вейцмана і музей народнай творчасці, у гэтай мясцовасці знаходзяцца былы маёнтак роду Ф.М. Дастаеўскага, родныя мясціны мастака і кампазітара Наполеона Орды, пункты Дугі Струвэ, унесеныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Па традыцыі ў жніўні ў Моталі чакаюць гасцей на вялікі фестываль, прысвечаны беларускай кухні. Тут можна пакаштаваць традыцыйныя стравы, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах, зазірнуць на шматлікія дэгустацыі вытворцаў малочных прадуктаў, мясных далікатэсаў і духмянай выпечкі. На спецыяльных радах жыхары Моталя прадстаўляюць сямейныя стравы, рэцэпты якіх перадаюцца тут з пакалення ў пакаленне. У праграме фестывалю "Мотальскiя прысмакi" - конкурсы, песні і танцы, выступленні фальклорных ансамбляў, народныя абрады і старадаўнія гульні, выстаўкі народнай творчасці.

Калі: 10-11 жніўня
Дзе: аграгарадок Моталь, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Януш Леан Вішнеўскі ў Мінску

Януш Леан Вішнеўскі ў МінскуЗнакаміты польскі пісьменнік, аўтар нашумелага рамана "Адзінота ў сеціве" (S@motność w Sieci) Януш Леан Вішнеўскі прыедзе ў беларускую сталіцу з прэзентацыяй. Напярэдадні свайго дня нараджэння Януш прадставіць прыхільнікам сваёй творчасці новую кнігу - "На фэйсбуку з сынам". Акрамя таго, да візіту пісьменніка прымеркавана адкрыццё ўнікальнай арт-інсталяцыі OZART, якая аб'ядноўвае мастацтва і сучасныя тэхналогіі, літаратуру і Інтэрнэт, фільмы і саму кінаіндустрыю. У час праекта адбудуцца аўкцыёны прадстаўленых твораў. Пачэсны госць - Януш Леан Вішнеўскі - вызначыць лепшую, на яго думку, работу, якая атрымае спецыяльны прыз.

Калі: 17 жніўня
Дзе: Мінск, Музей гісторыі горада Мінска

Свята агурка ў Шклове

Свята агурка ў ШкловеУ жніўні "агурочная сталіца" Беларусі – Шклоў – па традыцыі чакае гасцей на вялікае свята, прысвечанае агародніне, якую мясцовыя жыхары вырошчваюць яшчэ з XVI стагоддзя. На плошчы, дзе ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя "Агурок", цэлы дзень адбываюцца цікавыя падзеі. На кірмашовых радах прапаноўваюць агародніну з градкі, саленні і марынады, смачныя салаты, незвычайныя агурочна-мядовыя "бутэрброды" і нават гарэлку-"агурцоўку". Тут можна не толькі пакаштаваць стравы, але і навучыцца рабіць хатнія загатоўкі. Галоўным персанажам тэатралізаванага вулічнага паказу таксама становіцца Шклоўскі Агурок, які пад гукі аркестра ідзе ў суправаджэнні прыдворных дам і кавалераў. На працягу ўсяго дня ў розных кутках плошчы выступаюць артысты, праходзяць "агурочныя" спаборніцтвы, паказы для дзяцей, бяспройгрышная латарэя. Сувеніры, у тым ліку і "агурочныя", можна набыць на выстаўцы рамеснікаў.

Калі: 17 жніўня
Дзе: г. Шклоў, Магілёўская вобласць

Фестываль кветак-2013

Фестываль кветак-2013Яркія фарбы, унікальныя кампазіцыі з кветак, духмяны водар, весялосць і цудоўны настрой - усё гэта дорыць гасцям Фестываль кветак "Cпадчына мая – старонка родная", які стаў брэндам гарадскога пасёлка Жалудок Гродзенскай вобласці. У фестывальныя дні вуліцы, двары, вокны і балконы дамоў упрыгожаны кветкамі, а на галоўнай плошчы разгортваецца гулянне. Пасля маляўнічага шэсця праходзяць конкурсы кветкавых кампазіцый і букетаў, прэзентацыі садаводаў-аматараў, модныя дэфіле ў кветкавых касцюмах, выстаўкі фатаграфій і малюнкаў, майстар-класы па стварэнні шэдэўраў з кветак і пялёсткаў. Тут жа спецыялісты Батанічнага саду і Нацыянальнай акадэміі навук праводзяць кансультацыі па вырошчванні кветак і дэкаратыўных раслін. На кірмашы народных кулінарных рэцэптаў можна пакаштаваць напіткі, настоеныя на лекавых кветках і травах, паласавацца варэннем, паспрабаваць нацыянальныя беларускія стравы. На пляцоўках фестывалю праходзяць канцэрты, літаратурныя сустрэчы, вясёлыя спаборніцтвы, а народныя ўмельцы прадстаўляюць арыгінальныя  сувеніры. Жадаючыя таксама могуць зрабіць прагулку ў былы радавы маёнтак князёў Святаполк-Чацвярцінскіх.

Калі: 17-18 жніўня
Дзе: г.п. Жалудок, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

Фестываль "Крэўскі замак"

Фестываль "Крэўскі замак"Каля сцен некалі велічнага  Крэўскага замка, які ўвайшоў у гісторыю як месца падпісання знакамітай дынастычнай уніі, праходзіць фестываль, што збірае ўдзельнікаў і гасцей з розных краін свету. Тут пануе атмасфера Сярэдневякоўя: рыцары і дамы з клубаў гістарычнай рэканструкцыі ўдзельнічаюць у грандыёзных дзействах, на пляцоўках выступаюць тэатральныя, танцавальныя і песенныя калектывы, якія прадстаўляюць сучаснае бачанне аўтэнтычнай культуры. На фестывалі праходзяць цікавыя майстар-класы па народных танцах, песнях і гульнях, канцэрты з удзелам мясцовых фальклорных калектываў, конкурсы. Госці могуць азнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі беларусаў і набыць сувеніры, навучыцца гатаваць нацыянальныя стравы. Акрамя таго, на фестывалі "Крэўскі замак" валанцёры прадстаўляюць ініцыятывы па ахове культурнай спадчыны Беларусі.

Калі: 24 жніўня
Дзе: Крэўскі замак, в. Крэва, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Даведацца больш падрабязна

"Ганненскі кірмаш" ("Анненскі кірмаш")

"Ганненскі кірмаш" ("Анненскі кірмаш")З XVIII стагоддзя "Ганненскі кірмаш" у беларускім гарадку Зэльва, названы ў гонар святой Ганны, быў адным з самых буйных і знакамітых кірмашоў Еўропы, другі па велічыні пасля Лейпцыгскага. На таргі, якія доўжыліся каля месяца, прыязджалі не менш за пяць тысяч купцоў. У Зэльву прывозілі коней, тытунь, спецыі, адзенне, абутак, мастацкія вырабы рамеснікаў з розных краін - Грэцыі, Турцыі, Персіі і многіх іншых. Перад гасцямі кірмашу выступалі спевакі, фокуснікі, жанглёры, акрабаты, навучаныя мядзведзі са знакамітай Смаргонскай акадэміі. Тады гаварылі, што "Зэльва і яе жыхары падпарадкоўваюцца дзіўнаму правілу - адзінаццаць месяцаў кожнага года вянуць і толькі месяц жывуць". У ХХI стагоддзі Ганненскі кірмаш атрымаў другое нараджэнне, і з кожным годам становіцца ўсё больш цікавым і маштабным. У дні вялікага свята тут не толькі разгортваюцца багатыя рады з разнастайнымі таварамі, сувенірамі і далікатэсамі. У праграме – тэатралізаваныя канцэрты, выступленні фальклорных калектываў і частушачнікаў, лялечныя спектаклі, паказы стылізаваных касцюмаў ХVIII стагоддзя, горад майстроў, прэзентацыі аграсядзіб, літаратурныя сустрэчы і мастацкія выстаўкі, спартыўныя спаборніцтвы. У даўніну ў Зэльве ішоў вялікі гандаль пародзістымі жарабцамі з розных канцоў свету, таму і сёння галоўныя падзеі кірмашу - выстаўка коней і конна-спартыўныя спаборніцтвы, конкурс экіпажаў і катанне на павозках.

Калі: 24 жніўня
Дзе: г. Зэльва, Гродзенская вобласць

Музычная летняя акадэмія ў Мірскім замку

Музычная летняя акадэмія ў Мірскім замкуМузычная акадэмія "Дрэздэн – музыка пры двары Аўгуста Саксонскага" збярэ ў Мірскім замку ўдзельнікаў з Беларусі, Германіі, Польшчы, ЗША. У форуме прымуць удзел студэнты і прафесійныя музыканты, выкладчыкі і прыхільнікі старадаўняй выканальніцкай практыкі, салісты і ансамблі, якія іграюць на інструментах эпохі барока і сучаснасці. Сярод іх - флейта, габой, блок-флейта, флей та-траверса, скрыпка, віёла, лютня, клавесін, віяланчэль, фагот. У сценах знакамітага замка пройдуць майстар-класы, дыскусіі і даклады па тэме мінулага і будучыні "старадаўняй музыкі", яе дынамікі і розных напрамкаў на Усходзе і Захадзе, культурна-гістарычнага кантэксту пачатку XVIII стагоддзя. Галоўнай тэмай у акадэміі стане музыка эпохі барока, што зарадзілася ў часы росквіту дрэздэнскага двара Аўгуста Саксонскага, які сабраў у сваёй прыдворнай капэле самых віртуозных і вядомых музыкантаў таго часу.

Калі: 26-31 жніўня
Дзе:  замкавы комплекс "Мір", Гродзенская вобласць

ХХ Дзень беларускага пісьменства ў Быхаве

ХХ Дзень беларускага пісьменства ў БыхавеНацыянальнае свята Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў першую нядзелю верасня: ва ўсіх кутках краіны аддаюць даніну павагі стваральнікам нацыянальнага пісьменства, літаратуры, адукацыі. Свята дае магчымасць далучыцца да старажытнай і сучаснай культуры Беларусі, пазнаёміцца з пісьменнікамі і паэтамі, журналістамі і выдаўцамі. Невыпадкова, што гэта і час пачатку новага навучальнага года для школьнікаў і студэнтаў. Вялікі рэспубліканскі фестываль у Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню ён адбыўся ў Полацку (1994), а ў бягучым годзе сталіцай Дня пісьменства стане горад Быхаў Магілёўскай вобласці. У дні святкавання тут пройдуць прэзентацыі кніг і выданняў, літаратурныя сустрэчы, канцэрты, выстаўкі сувеніраў і народныя гулянні. У старым цэнтры горада побач з Быхаўскім замкам урачыста адкрыецца скульптурная кампазіцыя вышынёй каля 2,5 метра, прысвечаная ўнікальнаму помніку беларускага пісьменства - Баркулабаўскаму летапісу.

Калі: 31 жніўня  – 1 верасня
Дзе: г. Быхаў, Магілёўская вобласць

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі