Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

11 Jan 2014

Юрый Вашчук прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2014" у Даніі

Юрый Вашчук прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2014" 11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юрый Вашчук, які выступае пад сцэнічным імем ТЕО, прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2014" у Даніі. Кампазітар, аранжыроўшчык, саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга выйграў нацыянальны адбор міжнароднага песеннага конкурсу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым годзе ў фінале адборачнага тура разгарнулася інтрыга. Імя пераможца павінны былі агучыць па выніках галасавання журы і тэлеаўдыторыі. Як аказалася, ТЕО разам з дуэтам Макса Лорэнса і ДзіДзюЛі набралі аднолькавую колькасць балаў (па 20 ачкоў). У выніку вядучыя прапанавалі членам судзейскай калегіі зноў прагаласаваць, выбраўшы на гэты раз паміж двума прэтэндэнтамі. Экспертны склад аднадушна падтрымаў ТЕО.

Выканаўца выступіў у адборы з жартоўнай песняй "Cheesecake". У кампазіцыі на працягу амаль трох мінут спявак абураецца паводзінамі сваёй дзяўчыны, якая называе яго салодкім піражком. У падтрымку трэка выпушчаны кліп.

Юрый Вашчук Юрый Вашчук нарадзіўся ў 1983 годзе. У дзяцінстве займаўся ў музычнай школе па класу баяна і нават стаў лаўрэатам міжнароднага конкурсу "Пралескі". Першым сур'ёзным конкурсам у кар'еры будучага выканаўца з'яўляецца тэлепраект "Зорная ростань". Прафесійную музычную адукацыю атрымаў у Гродзенскім каледжы мастацтваў (клас вакалу) і ў Беларускім Дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (эстраднае аддзяленне, клас вакалу). У 2000 годзе быў запрошаны на работу ў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Юрый супрацоўнічае з многімі беларускімі і замежнымі выканаўцамі як аранжыроўшчык і кампазітар. З'яўляецца суаўтарам музыкі да двух расійскіх кінафільмаў. Лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі.

"Еўрабачанне-2014" пройдзе ў Капенгагене (Данія) на сцэне B&W Hallerne на Refshaleoen пад лозунгам "Далучайцеся да нас" (Join Us). Фінал конкурсу адбудзецца 10 мая 2014 года, паўфіналы - 6 і 8 мая. Сталіца Даніі прымала ўжо "Еўрабачанне" ў 1964 і 2001 гадах. У 2014 годзе конкурс папулярнай песні адбудзецца ў Даніі дзякуючы перамозе дацкай спявачкі Эмілі дэ Форэст на "Еўрабачанні-2013".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі