Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

18 Apr 2014

Яшчэ 11 аб'ектаў у Беларусі могуць быць уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

18 красавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Яшчэ 11 аб'ектаў у Беларусі могуць быць уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, паведаміла сёння генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава, выступаючы на лекцыі перад выкладчыкамі і студэнтамі факультэта міжнародных адносін БДУ ў час рабочага візіту ў Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Без культуры не можа быць ні квітнеючага грамадства, ні ўстойлівага развіцця. У сувязі з гэтым ЮНЕСКА супрацоўнічае з Беларуссю ў сферы аховы культурнай спадчыны чалавецтва, што з'яўляецца асновай самабытнасці і самаідэнтыфікацыі народа", - адзначыла гендырэктар.

Паводле слоў Ірыны Бокавай, у так званым папярэднім спісе лічацца Аўгустоўскі канал (Гродзенская вобласць), Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор (Полацк, Віцебская вобласць), Камянецкая вежа (Камянец, Брэсцкая вобласць), Барысаглебская царква (Гродна), Свята-Нікольскі жаночы манастыр (Магілёў), Брэсцкая крэпасць, палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў (Гомель), культавыя збудаванні абарончага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве (Мінская і Брэсцкая вобласці), архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску, драўляныя цэрквы Палесся, Нацыянальны парк "Белавежская пушча" (пашырэнне).

У папярэдні спіс унесены і аб'екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны - калядная гульня "Жаніцьба Цярэшкі", абрады якой захаваліся ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, і традыцыя шапавальства ў Дрыбіне (Магілёўская вобласць). "Я ўпэўнена, што беларускі ўрад, Міністэрства культуры і іншыя ўпаўнаважаныя арганізацыі працуюць над гэтым пытаннем, і яно абавязкова вырашыцца", - падкрэсліла гендырэктар ЮНЕСКА.

На гэты час у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі ўключаны Нацыянальны парк "Белавежская пушча" (як прыродны трансгранічны аб'ект, сумесна з Польшчай), замкавы комплекс "Мір" (г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць), архітэктурна-культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы (Мінская вобласць), Дуга Струвэ (трансгранічны аб'ект), 19 тапаграфічных пунктаў якога размешчаны на тэрыторыі Беларусі). Сусветная нематэрыяльная спадчына ЮНЕСКА прадстаўляе абрад "Калядныя цары", які цяпер існуе толькі ў вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Мінская вобласць).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі