Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Aug 2013

"Ганненскі кірмаш" пройдзе з Зэльве 23-24 жніўня

19 жніўня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. У Зэльве 23-24 жніўня пройдзе "Ганненскі кірмаш", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Зэльвенскага райвыканкама.

Да арганізацыі кірмашу ў Зэльве, які палюбіўся жыхарам і гасцям Гродзенскай вобласці, падыходзяць з асаблівай адказнасцю: мерапрыемства мае слаўныя традыцыі яшчэ з ХVIII стагоддзя, калі ў Зэльву збіраліся купцы з усёй Еўропы.

У гэтым годзе двухдзённы кірмаш разгорнецца ў цэнтральнай частцы раённага цэнтра і стане карысным для вытворцаў і прадаўцоў, для паклоннікаў народнай творчасці, спартсменаў і турыстаў. У першы дзень пройдзе круглы стол, прысвечаны гісторыі і перспектывам правядзення кірмашу, абласны конкурс лесарубаў і ўшанаванне лідараў жніва. А вечарам - канцэртная праграма і танцы.

У суботу кірмаш адкрые тэатралізаваны паказ на галоўнай плошчы.

У цэнтральным скверы размесцяцца пляцоўкі раённых Дамоў рамёстваў і народных майстроў. На вуліцы Савецкай прадставяць сябе аграсядзібы і прадстаўнікі сярэдняга і малога бізнесу. На вуліцы Сельскагаспадарчай - сельгасвытворцы. На дзіцячай пляцоўцы будуць працаваць атракцыёны. Адкрыюцца таксама мастацка-музычная і спартыўная пляцоўкі, дзе запланаваны майстар-класы па рэгіянальных танцах і выступленне рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінеса па гіравому спорту Вячаслава Харанекі. На стадыёне адбудзецца конкурс на лепшую павозку. Экстрым тэатр "БЕРСЕРК" (г. Мінск) арганізуе выступленне каскадзёраў, рыцарскае шоу, арбалетны і лучны ціры.

На кірмашы вызначаць пераможцаў конкурсаў на лепшы касцюм у стылі свята, лепшую пляцоўку сельгаспрадпрыемстваў і бізнесу, а таксама раней праведзеных конкурсаў на лепшы сцэнарый кірмашу, убранне балкона і інш. Вынікі работы ў рамках праведзенага напярэдадні пленэру прадставяць разьбяры па дрэве.

У канцэртнай праграме "Ганненскага кірмашу" - нямецкі калектыў "Вудвор", арт-групы "Беларусы" і "Феерыя", цыганскае шоу "Алюр" і група "Тутэйшая шляхта" (г.Мінск).

Не менш відовішчным стане завяршэнне свята - на плошчы разгорнецца вогненнае шоу і феерверк, а каля Дома культуры - пенна-лазернае шоу.

"Ганненскі кірмаш" ("Анненскі кірмаш") названы ў гонар святой Ганны, у ХVIII стагоддзі быў адным з самых буйных і знакамітых кірмашоў Еўропы. У свой час гандляваць у Зэльву прыязджалі да пяці тысяч купцоў, а гандлёвы абарот складаў да мільёна рублёў (на той час - залатых). Кірмаш доўжыўся амаль месяц. У Зэльву прывозілі на продаж коней, тытунь, спецыі, адзенне, абутак, мастацкія вырабы рамеснікаў і іншыя тавары з розных краін, у тым ліку з Грэцыі, Турцыі, Персіі. У час "Анненскага кірмашу" гаварылі, што зэльвенцы 11 месяцаў у годзе вянуць, а 1 месяц жывуць.

Адраджэнне традыцый кірмашу - вынік сумесных намаганняў адміністрацыі райцэнтра і праекта ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні".

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі