Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

23 Jun 2015

Фестываль "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" чакае гасцей з васьмі краін

23 чэрвеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Культурныя і песенныя традыцыі васьмі краін, беларуская народная кухня, шоу барабаншчыц, бітва дыджэяў і многае іншае чакаюць 26-28 чэрвеня гасцей і ўдзельнікаў ХХII Міжнароднага фестывалю народнай творчасці "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.

Дуброўна (Віцебская вобласць) ужо 22-і раз сустракае гасцей гэтага фестывалю. У бягучым годзе прыедуць мастацкія калектывы з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Малдовы, а таксама з усіх куткоў Беларусі. Праграма неверагодна насычаная і разнапланавая: усе формы прэзентацый народных традыцый і кухні, патрыятычныя акцыі, прымеркаваныя да 70-годдзя Вялікай Перамогі, забавы і начныя дыскатэкі з танцавальным DJ-марафонам "Танцуй, Дуброўна" для моладзі, якой у Беларусі прысвячаецца ўвесь гэты год.

Фестываль адкрые свята "Славім горад родны", на якім будзе дадзены старт новай традыцыі - ушаноўванню працоўных дынастый раёна. Дарэчы, павіншаваць працаўнікоў з канцэртам прыедуць пераможцы конкурсу "Маладыя галасы Беларусі". Народныя традыцыі і культура раёна знойдуць увасабленне на выстаўцы "Горад мой - Дуброўна" і ў работах фотаконкурсу "Радзімы маёй пачатак", на кірмашах, у выступленнях калектываў на канцэртных пляцоўках. Населеныя пункты раёна прадставяць свае лакальныя брэнды на аглядзе-конкурсе на лепшы падворак "Дубровеншчына гасцінная" - тут будуць падворак малака, журавін, рыбака і рыбы, лесу, мёду і іншыя. Конкурс традыцыйнай свістулькі "Салавейка-2015" збярэ майстроў па яе вырабе з Віцебскай, Магілёўскай, Томскай і Смаленскай абласцей. Менавіта на Дубровеншчыне жыла і стварала свае непаўторныя гліняныя цацкі-свістулькі Ганна Марачова. Калекцыі яе работ захоўваюцца ў музеях Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга. А сучасныя майстры - удзельнікі конкурсу - на працягу двух дзён будуць ляпіць і затым абпальваць свае работы, лепшыя з якіх трапяць у фонды музея абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Яркімі падзеямі свята стануць канцэрт заслужанага аматарскага калектыву Беларусі - ансамбля песні і музыкі "Крыніца" (27 чэрвеня); урачыстае тэатралізаванае шэсце па цэнтральнай вуліцы горада, у якім таксама прыме ўдзел ансамбль барабаншчыц "Рытм" (28 чэрвеня); гала-канцэрт мастацкіх калектываў і выканаўцаў з Беларусі і замежжа (28 чэрвеня). Большая частка мерапрыемстваў сканцэнтравана ў Дуброўне. Між тым, для жыхароў сельскай мясцовасці ключавымі падзеямі стануць выступленні калектываў - удзельнікаў фестывалю на 12 сцэнічных пляцоўках у аграгарадках.

Яшчэ адным важным мерапрыемствам у жыцці Дуброўна ў дні фестывалю стане адкрыццё ў Скверы памяці мемарыяльнага знака земляку - Андрэю Усаву, наводчыку ў экіпажы цяжкага танка КВ-1 Зіновія Калабанава, які ў жніўні 1941 года здзейсніў беспрэцэдэнтны подзвіг. Экіпаж знішчыў 22 варожыя баявыя машыны і перакрыў падыход да Ленінграда. Толькі цяпер гэты подзвіг атрымаў заслужанае прызнанне, прычым не толькі на радзіме Усава. Дзякуючы ініцыятыве Віцебскага абласнога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў у пачатку года быў арганізаваны збор подпісаў для занясення імя Андрэя Усава ў Залатую Кнігу Санкт-Пецярбурга, куды ў 2013 годзе ўжо быў уключаны Калабанаў. І ў час фестывалю (27 чэрвеня) адбудзецца ўрачыстая цырымонія занясення імя, для чаго залаты фаліянт прывязуць спецыяльна з паўночнай сталіцы Расіі.

Таксама калектывы-ўдзельнікі далучацца да мітынгу-рэквіема на мемарыяльным комплексе "Рыленкі" і акцыі ля помніка Ганне Нікандравай "За мірнае неба". Але самымі памятнымі падзеямі для іх, несумненна, стануць сяброўская сустрэча ў Кірэеўскім гаі ля знакамітай крыніцы; прывітанне народнага клуба нацыянальнай кухні "Дубровенскія прысмакі" і народнага фальклорнага калектыву "Кудзеліца"; прэзентацыя "Дывана дружбы" (кожны год удзельнікі прадастаўляюць палатно 50 на 50 см з выявай свайго калектыву, горада або краіны, якія потым сшываюцца ў адзін дыван). Таксама госці прывязуць з сабой лялек ручной работы ў нацыянальных касцюмах для ўдзелу ў конкурсе "Лялька "Дубравушка", а на дарогу забяруць "пасахі" - маленькія булачкі з макам. Па традыцыі, калі гасцям падаюць гэту страву, значыць, ужо час у дарогу. Народны абрад "Пасахі - на лёгкія шляхі" завяршае праграму фестывалю для калектываў-удзельнікаў. А жыхары і іншыя госці яшчэ змогуць атрымаць асалоду ад вячэрняга канцэрта вядомых артыстаў эстрады Беларусі, феерверка і начной дыскатэкі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі