2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыю арт-праекта Zabor у Магілёве плануецца адкрыць у ліпені бягучага года, паведамілі БЕЛТА ў аргкамітэце мерапрыемства.
Конкурс "На Zabore" сярод мастакоў прайшоў ужо у Віцебску і Гомелі. Цяпер ён стартаваў у Магілёве. Прыём заявак ад мастакоў гэтага рэгіёна будзе прадаўжацца да 29 мая ўключна. Конкурс папярэднічае выстаўцы арт-праекта Zabor у Магілёве.
Арт-праект Zabor - гэта выстаўка рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў непасрэдна на агароджах у беларускіх гарадах. Упершыню праект быў прадстаўлены ў Мінску 24 ліпеня мінулага года, затым экспазіцыя была паказана ў Варшаве (31 кастрычніка 2012 года), потым адкрылася ў Віцебску (29 сакавіка 2013), а цяпер рыхтуецца ў Гомелі.
Стрыт-арт або паблік-арт (так мастацтвазнаўцы называюць такія выстаўкі), які даўно акупіраваў прастору еўрапейскіх гарадоў, цяпер распаўсюджваецца і ў рэгіёнах Беларусі. Асноўная ідэя выставак - зрабіць мастацтва больш даступным, сцерці межы паміж гледачом і творам мастацтва, упісваючы апошняе ў паўсядзённую прастору горада.
Пастаянна прымаюць удзел у выстаўцы мастакі Руслан Вашкевіч, Сяргей Каваль, Уладзіслаў Стальмахоў і Віктар Альшэўскі (дарэчы, ён родам з Магілёўскай вобласці). Цяпер арганізатары праекта заняты пошукам пятага ўдзельніка выстаўкі. Асноўная ўмова - ён павінен прадстаўляць Магілёў і Магілёўскую вобласць.
Імя пераможца конкурсу "На Zabore" стане вядома ў пачатку чэрвеня. Ён атрымае права экспанаваць свае работы ў рамках мерапрыемстваў арт-праекта Zabor.
Арганізатар конкурсу - інвестыцыйная кампанія "Зубр Капітал".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|