29 мая, Гомель /Таццяна Болгава - БЕЛТА/. Міжнародны дзіцячы фестываль "Друзья, сябры, друзi - разам!" пройдзе 1-2 чэрвеня на граніцы трох славянскіх рэспублік каля манумента Дружбы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ганна Мельнікава.
Форум збярэ больш як 150 хлопчыкаў і дзяўчынак з рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны. Ён прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. У гэтым годзе ўдзельнікаў і гасцей прымае ўкраінскі бок. Урачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца каля манумента Дружбы, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі прадставяць канцэртныя і тэатралізаваныя праграмы. Затым удзельнікаў форуму сустрэнуць на ўкраінскай зямлі. Арганізатары падрыхтавалі для школьнікаў інтэлектуальныя конкурсы, спаборніцтвы, гульні. У фестывальнай праграме таксама экскурсіі, культурна-пазнавальныя мерапрыемствы, сустрэчы з ветэранамі.
Міжнароднае свята з'яўляецца традыцыйным і штогод праходзіць на тэрыторыі адной з трох славянскіх рэспублік. У мінулым годзе ўдзельнікаў фестывалю прымала Гомельская вобласць.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|