13 красавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Дні Масквы пройдуць у Мінску ў час III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца 7-8 чэрвеня, паведаміў сёння журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай Казаравец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У час форуму пройдуць 14 спецыялізаваных мерапрыемстваў. Гэта і выстаўка "Белагра", і Дні Масквы ў Мінску - з 7 па 10 чэрвеня, і фестываль СМІ, і тэлемост паміж навучальнымі ўстановамі Мінска і Масквы", - сказаў Мікалай Казаравец. Запланавана правядзенне васьмі секцый, адна з якіх пройдзе ў Нясвіжы, астатнія - у Мінску.
Як чакаецца, на форум прыедуць ад 250 да 300 прадстаўнікоў Расіі, і столькі ж удзельнікаў будзе з беларускага боку. Некалькі дзясяткаў расійскіх рэгіёнаў будуць прадстаўлены на ўзроўні губернатараў, яны наведаюць беларускія рэгіёны.
Сёння ў Мінску ў Савеце Рэспублікі праходзіць пасяджэнне сумеснага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У ім прымае ўдзел як беларускі бок, так і прадстаўнікі Расіі: віцэ-спікеры Савета Федэрацыі Федэральнага сходу.
Як чакаецца, 8 чэрвеня пройдзе асноўная частка форуму - пленарнае пасяджэнне. Перад ім адбудуцца ўсе запланаваныя секцыі, розныя выстаўкі і кірмашы. Плануецца падпісаць кантракты і пагадненні. У тым ліку цяпер рыхтуюцца да падпісання больш за 10 дакументаў.