6 мая, Пекін /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дні культуры Беларусі пачнуцца ў Пекіне напярэдадні візіту Старшыні КНР у Мінск, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Дзяржаўны візіт кітайскага лідара ў Беларусь адбудзецца 10-12 мая. Беларускія дні культуры пачнуцца 7 мая і прадоўжацца па 13 мая.
Як адзначылі ў пасольстве Беларусі ў Кітаі, культурнае супрацоўніцтва паміж краінамі ў поўнай меры адпавядае ўстаноўленаму ўзроўню адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўключае ў якасці адной з важных форм узаемадзеяння правядзенне дзён нацыянальных культур.
Дні культуры арганізаваны Міністэрствам культуры Беларусі сумесна з Міністэрствам культуры Кітая пры падтрымцы беларускай дыпламатычнай місіі ў Пекіне. Мерапрыемства адкрыецца ў Пекіне ў канцэртнай зале Beijing Concert Hall выступленнем артыстаў Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята". Праграмай Дзён культуры прадугледжана выступленне оперных салістаў і танцораў балета, выстаўка работ беларускай мастачкі Марыны Эльяшэвіч у стылі гохуа.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік. "Мерапрыемства, якое пачнецца напярэдадні дзяржаўнага візіту Сі Цзіньпіна ў Беларусь, з'яўляецца найлепшым пацвярджэннем таго, што беларуска-кітайскія адносіны як на афіцыйным узроўні, так і ў сферы культурнага і гуманітарнага абмену з кожным годам умацоўваюцца і пашыраюцца", - падкрэслілі ў пасольстве.