Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Oct 2014

Дакументальны фільм аб халакосце ў Беларусі "Захавальнікі памяці" першымі ўбачылі гледачы ў Хайфе

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першымі гледачамі беларуска-ізраільскага поўнаметражнага дакументальнага фільма "Захавальнікі памяці" сталі госці 30-га міжнароднага кінафестывалю ў Хайфе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў рэжысёр карціны Барыс Мафцыр.

Прэм'ерны паказ карціны, прысвечанай халакосту ў Беларусі, адбыўся 13 кастрычніка. Дзесяць апавяданняў пра знішчэнне яўрэяў у Беларусі ахопліваюць перыяд ад пачатку вайны да вясны 1942 года. "Поўная гледачоў зала пражыла сто хвілін як адна істота, замёршая ад болю і жаху", - пракаменціраваў Барыс Мафцыр.

Фільм не змяшчае архіўныя матэрыялы, дакументальныя кадры і фатаграфіі таго часу. Пра трагічныя падзеі расказваюць самыя розныя людзі: мясцовыя жыхары - сведкі забойстваў, пакут і здзекаў з іх суседзяў-яўрэяў; яўрэі, якія змаглі ўсё перанесці і выжыць; гісторыкі і даследчыкі, якія паставілі мэту - захаваць памяць аб халакосце для сучаснікаў і нашчадкаў.

На паказе прысутнічаў пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў. У зале былі таксама трое сведкаў, якія перажылі халакост і сталі ўдзельнікамі фільма - Берта Меламед, Мая Казакевіч, Зіновій Кнель. Для іх фільм стаў асаблівай падзеяй іх жыцця.

Карціна "Захавальнікі памяці" створана кінакампаніяй Zvi Shefy Productions (Ізраіль) у супрацоўніцтве з кінакампаніяй "Nonstop MEDIA" (Беларусь). Падрыхтоўчая работа над гэтым фільмам пачалася некалькі гадоў таму. Беларускі прадзюсар Юрый Ігруша, сын і ўнук праведнікаў міру, з самага пачатку падтрымаў гэты праект і дапамог давесці яго да завяршэння пры тэхнічнай падтрымцы свайго партнёра Сяргея Ждановіча.

"Захавальнікі памяці" - першая карціна ў кінаанталогіі, прысвечаная халакосту ў СССР, на тэрыторыях якога нацыстамі і іх саўдзельнікамі былі знішчаны амаль 2 млн 700 тыс. яўрэяў. Рэжысёр кінастужкі Барыс Мафцыр паставіў перад сабой задачу расказаць аб халакосце ў Латвіі, Літве, Эстоніі, Малдове, Украіне, Расіі. Асобны фільм будзе прысвечаны яўрэйскаму супраціўленню ў Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі