Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Oct 2015

Больш за 200 жывапісных і графічных твораў Мая Данцыга экспануюцца на выставе ў Мінску

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 200 жывапісных і графічных твораў Мая Данцыга эспануюцца на выставе ў Мінску, якая адкрылася 15 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

Творчасць Мая Данцыга - яркая з'ява ў гісторыі нацыянальнай культуры. Мастак упэўнена заявіў аб сабе яшчэ ў канцы 1950-х - пачатку 1960-х гадоў, калі ў беларускае выяўленчае мастацтва прыйшло новае пакаленне, для прадстаўнікоў якога было характэрным пачуццё асабістай, рамантычнай датычнасці да ўсяго навакольнага свету, што выявілася ў іх цікавасці да паэзіі штодзённасці, паказе нацыянальных асаблівасцей сваёй культуры.

На выставе прадстаўлены творы майстра, выкананыя на працягу 1949-2015 гадоў. Экспазіцыя ўключае як добра вядомыя палотны, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага мастацтва ХХ стагоддзя ("Гудзіць зямля Салігорская!" (1960), "Навасельцы" (1962), "У рабочай сталовай" (1963), "На варце міру" (1964), "Беларусь - маці партызанская" (1967), "Мой Мінск" (1967), "Партызанскае вяселле" (1968), "Ленінская "Іскра" (1970), "Рабочы" (1971), "Спадчына" (1973), "Час. Падзеі. Людзі" (1987) і інш.), так і тыя, якія мастак ствараў на працягу апошніх гадоў: "Плыве над Нёманам хрустальны карагод" (2003-2010), "Паядынак. Легенда Пікаса" (1985-2012), "Вось з агню вады сцюдзёнай выходзяць на мароз маржы" (2014), "Малы Трасцянец" (2015) і інш. Сапраўдным адкрыццём для наведвальнікаў стануць шматлікія жывапісныя эцюды, якія Май Данцыг пісаў на працягу 1950-2010-х гадоў, але раней не экспанаваліся для шырокай аўдыторыі.

Выстава народнага мастака Мая Данцыга стане важнай культурнай падзеяй не толькі для сталіцы, але і для ўсёй рэспублікі. Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы паступілі з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава, фондаў Беларускага саюза мастакоў, майстэрні Мая Данцыга і прыватных калекцый.

Выстава твораў Мая Вольфавіча Данцыга (нар. 1930), народнага мастака Беларусі (1995), прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1980), лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968), уладальніка ордэна Францыска Скарыны (2005) і ордэна Пашаны (2010) прадоўжыцца да 16 лістапада.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі