3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадзюсарская група Белтэлерадыёкампаніі адкрыла прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборачным туры конкурсу песні "Еўрабачанне-2020", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе медыяхолдынга.
"Падаць заяўкі можна ў электронным выглядзе да 17 студзеня на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by. Пасля гэтага фокус-група медыяхолдынга правядзе перадкастынг музычных кампазіцый і сфарміруе спіс удзельнікаў жывога праслухоўвання. Пералік канкурсантаў, дапушчаных да праслухоўвання, будзе апублікаваны на сайце кампаніі не пазней за 22 студзеня", - расказалі ў прэс-службе. Праслухоўванне запланавана на 27 студзеня, па яго выніках фокус-група простай большасцю галасоў вызначыць да дванаццаці ўдзельнікаў фіналу. У час праслухоўвання на сайце Белтэлерадыёкампаніі будзе весціся анлайн-трансляцыя.
Фінал пройдзе не пазней за 6 сакавіка 2020 года ў форме шоу у прамым тэлевізійным эфіры на каналах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Пераможца вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў. Фіналіст, які набраў найбольшую колькасць балаў, будзе аб'яўлены пераможцам нацыянальнага адборачнага тура і на правах афіцыйнага прадстаўніка ад Беларусі пачне падрыхтоўку да ўдзелу ў "Еўрабачанні-2020".
Праект праводзіцца Белтэлерадыёкампаніяй - адзіным у нашай краіне членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза - і Міністэрствам культуры, якое выступае суарганізатарам. Палажэнне аб праекце размешчана на афіцыйным сайце медыяхолдынга.
Юбілейны 65-ы конкурс песні "Еўрабачанне-2020" пройдзе ў маі ў Ратэрдаме (Нідэрланды). Паўфіналы адбудуцца 12 і 14 мая, фінал - 16 мая.