Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Dec 2013

"Белавія" раніцай 19 снежня выканала першы рэйс у Вільнюс з Мінска

19 снежня, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Нацыянальная авіякампанія "Белавія" сёння раніцай выканала першы рэйс па маршруце Мінск-Вільнюс-Мінск. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.

Да гэтага часу паветраныя зносіны паміж беларускай і літоўскай сталіцамі адсутнічалі. З 19 снежня самалёты "Белавія" будуць лятаць у Вільнюскі міжнародны аэрапорт на рэгулярнай аснове. Палёты плануецца выконваць 8 разоў у тыдзень у асноўным на CRJ-100/200. Час у дарозе паміж дзвюма сталіцамі складзе 40 мінут. Кошт пералёту ў эканамічным класе абслугоўвання ўстаноўлены ў памеры ад 62 еўра ў абодвух напрамках, уключаючы аэрапортныя таксы і зборы.

У прэс-службе звярнулі ўвагу на тое, што не прайшло і двух дзён, як быў адкрыты шосты напрамак авіяперавозчыка ў гэтым годзе (17 снежня адбыўся першы рэйс з Мінска ў Жэневу. - Заўвага БЕЛТА). У кіраўніцтве авіякампаніі перакананы, што рэйс у Вільнюс будзе паспяховым.

Прымаючы рашэнне аб адкрыцці гэтага рэйса, у "Белавія" ў першую чаргу кіраваліся інтарэсамі пасажыраў, якія падарожнічаюць у Вільнюс з Мінска. "Мы распрацавалі спецыяльныя тарыфы для тураў выхаднога дня, каб жыхары Беларусі маглі хутка і камфортна з'ездзіць прагуляцца, адпачыць на выхадныя ў сталіцу Літвы. Таксама ёсць попыт з боку транзітных пасажыраў, якія падарожнічаюць праз Мінск па маршрутнай сетцы "Белавія", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара РУП "Нацыянальная авіякампанія "Белавія" Ігар Чаргінец на прэзентацыі рэйса ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Генеральны дырэктар Вільнюскага міжнароднага аэрапорта Гедымінас Алмантас лічыць, што "рэйс, які пачынаецца напярэдадні Новага года і напярэдадні цудоўных калядных свят, будзе мець поспех". На яго думку, супрацоўніцтва беларускага авіяперавозчыка і вільнюскага аэрапорта прынясе ўзаемную карысць. "Для пасажыраў з'явіўся яшчэ адзін варыянт, як хутка і зручна дабрацца з Вільнюса ў Мінск і назад. Пасажыры гэтага рэйса яшчэ больш павялічаць транзітны пасажырапаток праз вільнюскі аэрапорт у гарады Еўропы, і, адпаведна, літоўскія пасажыры змогуць скарыстацца зручным раскладам з мінскага аэрапорта ў Паўднёва-Азіяцкім напрамку. Мы ўпэўнены, што рэйс станоўча паўплывае на развіццё эканомікі Вільнюскага раёна і Літвы ў цэлым", - падкрэсліў Гедымінас Алмантас.

Нацыянальная авіякампанія "Белавія", створаная 5 сакавіка 1996 года, з'яўляецца буйнейшым авіяперавозчыкам Беларусі. Базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 42 аэрапорты краін Еўропы і Азіі. З 1997 года - правадзейны член IATA, з 2010 года - член ERAA. Авіяперавозчык адпавядае вышэйшым міжнародным стандартам забеспячэння бяспекі. Флот авіякампаніі налічвае 21 паветранае судна. За студзень-лістапад 2013 года "Белавія" перавезла больш як 1,5 млн. чалавек, што на 26,2 працэнта больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. 24 лістапада колькасць пасажыраў авіякампаніі перавысіла 1,5 млн. чалавек - такая лічба дасягнута ўпершыню ў гісторыі прадпрыемства да заканчэння каляндарнага года.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі