Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Чэр 2023

Беларускія вучоныя распрацоўваюць клетачныя прадукты для лячэння аўтаімунных і анказахворванняў

Беларускія вучоныя распрацоўваюць клетачныя прадукты для лячэння аўтаімунных і анказахворванняў
Фота з архiва

1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя распрацоўваюць клетачныя прадукты для лячэння аўтаімунных і анказахворванняў. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Андрэй Ганчароў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пад клетачнымі тэхналогіямі маецца на ўвазе выкарыстанне клетак чалавека для лячэння розных захворванняў. Гэтым напрамкам інстытут і яго супрацоўнікі займаюцца з 2004 года. Ужо ў 2008 годзе былі арганізаваны першыя клінічныя выпрабаванні дэндрытных клетак для лячэння гепатыту В. На сёння інстытутам распрацаваны больш як 20 метадаў лячэння розных цяжкіх захворванняў, распрацавана і зарэгістравана 7 біямедыцынскіх клетачных прадуктаў (усяго ў краіне іх 14). "Таму можна сказаць, што наш інстытут адназначна займае ў гэтым напрамку лідзіруючыя пазіцыі", - падкрэсліў Андрэй Ганчароў.

Мезенхімальныя стваловыя клеткі выкарыстоўваюцца пры лячэнні трафічных язваў, апёкаў скуры, аўтаімунных захворванняў (напрыклад, сістэмнай чырвонай ваўчанкі), кавідных пнеўманій, стэнозаў трахеі і гартані. "Дэндрытныя клеткі актыўна прымяняюцца для лячэння анказахворванняў. На сёння ў большасці нашых пацыентаў добры клінічны эфект. Больш за ўсё пацыентаў - 75 чалавек - у нас было з ракам падстраўнікавай залозы. Мы можам пралічыць ужо 3-5-гадовую выжывальнасць такіх пацыентаў, і яна ў два разы вышэйшая, чым у тых, каго лячылі стандартнымі метадамі. Аднак для шырокага ўкаранення, уключэння клетачнай тэрапіі ў пратаколы лячэння гэтага пакуль недастаткова, мы набіраем яшчэ больш пацыентаў. І пры атрыманні такіх жа даных на вялікай выбарцы мы будзем адназначна рэкамендаваць Міністэрству аховы здароўя ўключыць нашы метады лячэння ў пратаколы", - падзяліўся планамі дырэктар інстытута.

Інстытут не стаіць на месцы, і цяпер сумесна з арганізацыямі аховы здароўя праводзіцца 11 клінічных выпрабаванняў. "Гэта самыя новыя клетачныя прадукты, у тым ліку і цалкам унікальныя не толькі для краіны, але і для свету. Яны прызначаны для лячэння самага шырокага спектра захворванняў, у тым ліку анкалагічных (раку нырак, мачавога пузыра, тоўстага кішэчніка), захворванняў сятчаткі, аўтаімунных захворванняў (цукровага дыябету І тыпу, сістэмнага склерозу), алапецыі", - адзначыў Андрэй Ганчароў.

У інстытуце ёсць сваё амбулаторнае аддзяленне клетачнай тэрапіі, дзе спецыялісты могуць лячыць пацыентаў - ёсць ліцэнзія на медыцынскую дзейнасць па самых розных напрамках.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі