11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баскетбалісткі зборнай Беларусі прайгралі на алімпійскім турніры камандзе Турцыі з лікам 71:74 (19:13, 14:20, 21:24, 17:17), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Да гэтага беларускі і турчанкі мелі ў сваім актыве па 4 ачкі (1 перамога і 2 паражэнні) і таму ўчарашняя сустрэча была рашаючай у плане прадаўжэння барацьбы за выхад у чвэрцьфінальную стадыю. Не дзіўна, што гульня праходзіла ва ўпартай барацьбе. Пачатак сустрэчы застаўся за беларускамі, якія добра правялі першую чвэрць, выйграўшы з розніцай 6 ачкоў - 19:13. Турчанкі кінуліся ў пагоню і правялі другую дзесяцімінутку лепш за беларусак. Да вялікага перапынку лік стаў роўным - 33:33. Атрымаўшы парады ад Анатоля Буяльскага, беларускі вельмі актыўна пачалі трэці адрэзак матчу, зрабіўшы невялікі адрыў - 46:40, аднак саперніцы зноў змаглі перахапіць ініцыятыву і выйшлі наперад - 57:54. У сярэдзіне апошняй чвэрці пляцоўку пакінула вядучая цэнтравая беларускай зборнай Алена Леўчанка, якая набрала 5 фолаў. Як і ва ўсіх папярэдніх сустрэчах беларусак, лёс матчу вырашыўся на апошніх секундах і, на жаль, не на карысць зборнай Беларусі.
У заключны гульнявы дзень 13 жніўня беларускія баскетбалісткі згуляюць з аўстралійкамі, японкі будуць сапернічаць з францужанкамі, каманда Турцыі сустрэнецца са зборнай Бразіліі.
Пасля трох тураў у кваліфікацыйнай групе В становішча такое: ЗША - 6, Канада - 6, Іспанія - 5, Кітай - 4, Сербія - 3, Сенегал - 3.
Барацьбу за ўзнагароды прадоўжаць па 4 лепшыя каманды з кожнай групы. Чвэрцьфіналы адбудуцца 16 жніўня, паўфіналы - 18 жніўня, паядынкі за золата і бронзу пройдуць 20 жніўня.