3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская асацыяцыя гімнастыкі ўзначаліла рэйтынг-ліст лепшых нацыянальных федэрацый за 2015 год па версіі Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БАГ.
У канцы лютага ў швейцарскай Лазане прайшло пасяджэнне выканаўчага камітэта Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі. Адным з пытанняў, разгледжаных у час работы, было вызначэнне пераможцы па выніках 2015 года сярод нацыянальных федэрацый, якія ўваходзяць у яе.
Рэйтынг лепшых нацыянальных федэрацый узначаліла Беларуская асацыяцыя гімнастыкі. У дзясятку таксама ўвайшлі Вялікабрытанія, Латвія, Фінляндыя, Японія, Венгрыя, Азербайджан, ПАР, Кітай і Германія.
Рэйтынг-ліст Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі складаецца з сумы балаў, заснаваных на шэрагу пазіцый, такіх як удзел у спаборніцтвах пад эгідай федэрацыі, захаванне спадарожнага тэхнічнага рэгламенту і антыдопінгавага заканадаўства, правядзенне мерапрыемстваў і спаборніцтваў у краіне, адсутнасць штрафных санкцый.