18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Алімпійскі чэмпіён Сяргей Мартынаў заваяваў бронзавы медаль Еўрапейскіх гульняў у стральбе з малакалібернай вінтоўкі на 50 м, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Праслаўлены беларускі стралок выйшаў у фінал з лепшым рэзультатам, а ў вырашальнай "перастрэлцы" з 7 сапернікамі набраў 186,3 бала. Уладальнікам золата стаў нямецкі спартсмен Хенры Юнгхаенэль (208,5), серабро ў актыве італьянца Марка дэ Нікола (207,3).
Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі ў гэтым відзе спаборніцкай праграмы Юрый Шчарбацэвіч не змог прабіцца ў фінал, заняўшы 12-е месца ў кваліфікацыйным раўндзе сярод 37 удзельнікаў спаборніцтваў.
Першую ўзнагароду сярод беларускіх стралкоў напярэдадні заваявала Вікторыя Чайка, якая стала бронзавым прызёрам у стральбе з пнеўматычнага пісталета на 10 м.
Усяго майстры кулявой стральбы разыгрываюць у Баку 19 камплектаў узнагарод.