4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларускі гоншчык Сяргей Вязовіч заняў чацвёртае месца на другім этапе ралі-рэйду "Дакар-2017", паведамілі БЕЛТА ў кампаніі velcom, якая выступіла тэхнічным партнёрам каманды "МАЗ-СПОРТаўта".Сяргею Вязовічу ўдалося апярэдзіць пераможцу мінулагодняга "Дакара" галандца Жэрара дэ Роя, які прыйшоў да фінішу пятым. Беларускі экіпаж паказаў час 2 гадз 40 мін. Пераможцам заезду і заадно лідарам гонкі стаў галандзец Марцін Ван дэн Брынк на "Рэно", якому Сяргей Вязовіч прайграў каля трох мінут, беларус пасля двух этапаў займае ў агульным заліку грузавікоў шостае месца.
МАЗ яшчэ аднаго беларуса Аляксея Вішнеўскага закончыў другі этап на 18-м месцы, патраціўшы на праходжанне спецучастка каля 2 гадз 52 мін. У генеральнай класіфікацыі беларускі экіпаж размясціўся на 21-й пазіцыі, адстаючы ад лідара гонкі прыблізна на 20 мінут.
Аўтамабіль Аляксандра Васілеўскага закончыў гонку на 23-й пазіцыі. Яго рэзультат - 2 гадз 55 мін, а адставанне ад пераможцы этапу - каля 18 мінут. Па суме этапаў мазаўскі экіпаж займае 22-е месца, ад першага месца яго аддзяляе каля 22 мінут.
Трэці этап ралі-рэйду "Дакар-2017" пройдзе паміж двума аргенцінскімі гарадамі Сан-Мігель-дэ-Тукуман і Сан-Сальвадор-дэ-Жужуй. Гоншчыкаў чакае доўгі ліязон, пасля чаго арганізатары прадугледзелі для грузавікоў горны спецучастак працягласцю 199 км. Экіпажам трэба будзе падняцца на вышыню амаль 5 тыс. м над узроўнем мора, а заадно перасекчы рэчышчы рэк і пераадолець мноства іншых перашкод.