20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларус Уладзіслаў Ганчароў выйграў тэставы турнір па скачках на батуце ў Рыа-дэ-Жанэйра, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінале сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 2015 года паказаў лепшую суму балаў - 59,750. Новазеландзец Дылан Шміт стаў другім (58,550), замкнуў тройку прызёраў Дыега Ганчына з Партугаліі (58,085).
У спаборніцтвах сярод жанчын беларуска Таццяна Пятрэня заняла трэцяе месца - 53,540 бала. Пераможцай стала Лю Ліньлінь з Кітая - 55,485.
Турнір у Рыа-дэ-Жанэйра стаў для большасці атлетаў кваліфікацыйным для ўдзелу ў Алімпіядзе. Аднак беларускія батутысты былі вызвалены ад адборачных спаборніцтваў, і турнір у Рыа разглядаўся імі як важны этап падрыхтоўкі да галоўных стартаў чатырохгоддзя. Падапечныя галоўнага трэнера Ірыны Грабнёвай атрымалі пуцёўкі на летнія Гульні 2016 года па выніках сусветнага форуму-2015 у Даніі, дзе Уладзіслаў Ганчароў заняў другое месца, а Таццяна Пятрэня стала бронзавым прызёрам. Пятае месца заняла і другая беларуска - Ганна Гарчанок. На рахунку зборнай Беларусі тры ліцэнзіі: адна ў мужчын і максімальная колькасць, дзве, у жанчын.
Чарговымі стартамі для лідараў нацыянальнай каманды Беларусі стануць этапы Кубка свету па скачках на батуце ў чэрвені і ліпені бягучага года.