Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

15 Кст 2014

Беларусь разам са 101 краінай свету з 20 па 25 кастрычніка правядзе Сусветны тыдзень італьянскай мовы

15 кастрычніка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь разам са 101 краінай свету з 20 па 25 кастрычніка правядзе Сусветны тыдзень італьянскай мовы. Аб гэтым расказаў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б'янкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэты праект праводзіцца штогод у кастрычніку. Яго мэта - папулярызацыя італьянскай мовы, а таксама ўмацаванне дыялогу культур і культурнае ўзбагачэнне народаў краін свету. Мерапрыемства пройдзе пад патранатам Прэзідэнта Італіі Джорджа Напалітана. Яно паспяхова рэалізуецца ўжо на працягу 13 гадоў. У гэтыя дні ў Італіі пройдуць канферэнцыі з удзелам вучоных-філолагаў, якія будуць аналізаваць мінулае і сучаснае італьянскай мовы.

У гэтым годзе тэма Тыдня - "Летапіс новай Еўропы: італьянскія выдавецтвы, аўтары і чытачы ў век лічбавых тэхналогій". Паводле слоў пасла, прадметам Тыдня будзе абмеркаванне таго, як традыцыйная італьянская літаратура змяняецца і якой бачыць і хоча яе бачыць чытач сёння, у век інфармацыйных тэхналогій. Будуць закрануты такія тэмы, як змяненні ў выдавецтвах, друкарскай справе, а таксама дамінаванне электронных кніг.

Стэфана Б'янкі расказаў, што ў мерапрыемствах, якія пройдуць у Беларусі ў час Сусветнага тыдня італьянскай мовы, будзе адлюстравана "скрыжаванне класічнай літаратуры і мультымедыя". У праграме мерапрыемстваў прыме ўдзел таксама прадстаўніцтва пасольства Швейцарыі ў Мінску, паколькі адной з дзяржаўных моў Швейцарыі з'яўляецца італьянская.

Пасол адзначыў, што гэты кастрычнік з'яўляецца асаблівым, паколькі супадае з перыядам, калі Італія старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага саюза. "Таму ўпор, які мы хацелі зрабіць у арганізацыі мерапрыемстваў Сусветнага тыдня італьянскай мовы, - гэта пошук еўрапейскіх каранёў і прэзентацыя праграмы ў шырокай еўрапейскай перспектыве, а не толькі ў рамках нацыянальных мерапрыемстваў", - сказаў дыпламат. Ён дадаў, што адзін з галоўных напрамкаў італьянскай палітыкі - развіццё адносін з краінамі, якія не з'яўляюцца членамі ЕС, і асабліва з удзельніцамі ініцыятывы "Усходняе партнёрства", і Беларусь адна з такіх краін. "Паколькі культура з'яўляецца вельмі эфектыўным сродкам стварэння дыялогу паміж краінамі, мы падрыхтавалі такія мерапрыемствы, каб садзейнічаць гэтай мэце. І як старшыні ў Савеце ЕС у гэты перыяд мы надаём асаблівае значэнне гэтай мэце", - адзначыў Стэфана Б'янкі. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ўсе ініцыятывы пасольства Італіі ў Беларусі былі падтрыманы прадпрымальнікамі як з Італіі, так і з Беларусі.

Пасол з задавальненнем адзначыў праводзімую ў Беларусі палітыку адносна італьянскай мовы. "Цяпер гэта мова - трэцяя па вывучальнасці замежная мова, і цікавасць студэнтаў да яе пастаянна расце, іх колькасць таксама павялічваецца, і гэта тэндэнцыя характэрна не толькі для Беларусі, але і для іншых краін свету", - сказаў Стэфана Б'янкі.

Гаворачы аб мерапрыемствах, што праводзяцца ў ходзе Сусветнага тыдня італьянскай мовы, пасол адзначыў, што ўвага будзе сканцэнтравана на трох напрамках. Так, у прыватнасці, з 20 кастрычніка па 20 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе выстаўка рэдкіх аўтарскіх кніг і артэфактаў з калекцыі фонду "Сартырана Артэ". Гэта своеасаблівыя мабільныя музеі, зборы якіх захоўваюцца ў інстытутах італьянскай культуры на пяці кантынентах і дэманструюць, што ўклад Італіі ў сусветную спадчыну шматгранны. Пасол расказаў, што ў час адрыцця выстаўкі плануецца прэміраваць студэнтаў і выкладчыкаў, якія прынялі ўдзел у праекце перакладу на рускую і беларускую мовы твораў аўтараў, што прэтэндуюць на Прэмію Стрэга - адну з самых прэстыжных італьянскіх прэмій у галіне літаратуры. Праект праводзіцца ў многіх краінах свету, Беларусь жа ў гэтым годзе далучылася да яго ўпершыню. Вынікам праекта стане выпуск электроннай кнігі.

У час Сусветнага тыдня італьянскай мовы ў Мінску будзе арганізаваны таксама міні-фестываль фільмаў на італьянскай мове з субцітрамі. У гэтым годзе фестываль пройдзе ў кінатэатры "Перамога" з 22 па 24 кастрычніка. Увазе публікі будуць прадстаўлены 3 фільмы: "Асаблівы дзень" і "Спорт-бар" італьянскіх рэжысёраў і "Сінестэзія" - швейцарскага.

Акрамя таго, у Мінску адбудзецца перадпрэм'ерны паказ фільма вядомага італьянскага рэжысёра Эрмана Ольмі "І зазелянеюць лугі" (2014). Гэты фільм будзе паказаны больш як у 100 краінах свету ў адзін дзень - 4 лістапада, Дзень нацыянальнага адзінства і ўзброеных сіл Італіі і дзень заканчэння Першай сусветнай вайны.

Мінск таксама прыме мультымедыйную выстаўку "Землестаянне. Культурная спадчына пасля землетрасення". Пройдзе яна 10-23 лістапада ў Палацы мастацтваў. Выстаўка прысвечана памяці аб землетрасенні ў рэгіёне Эмілія-Раманья ў маі 2012 года, а таксама аднаўленчым работам, што праходзілі ў першыя дні і месяцы пасля прыроднага катаклізму. Акрамя эмацыянальнага апавядання пра гуманітарную трагедыю, якая ўзрушыла гэты рэгіён, выстаўка расказвае пра рэстаўрацыйныя работы, накіраваныя на аднаўленне культурнай спадчыны. Упершыню выстаўка была прадстаўлена ў Мілане. Як адзначыў першы камерцыйны сакратар пасольства Італіі ў Беларусі Уга Боні, "для беларусаў гэта з'яўляецца сімвалічным, таму што тут таксама адбылася трагедыя - Чарнобыльская". Выстаўку плануецца паказаць не толькі ў беларускай сталіцы, але таксама ў Брэсце і Гродне.

Пасол падкрэсліў, што Беларусь далучылася да ўсіх культурных падзей, што праходзяць у свеце. "Для нас беларуская публіка, глядач або наведвальнік тэатра ці музея, з'яўляецца натхненнем, паколькі мы бачым, з якой любоўю і інтарэсам яны наведваюць мерапрыемствы і цікавяцца італьянскай культурай наогул", - адзначыў Стэфана Б'янкі. Ён звярнуў увагу на тое, што, паводле даных ЮНЕСКА, у Італіі сканцэнтравана 70 працэнтаў усёй культурнай сусветнай спадчыны. "Таму мы можам прапанаваць беларускаму гледачу свае дасягненні як у галіне візуальных мастацтваў, так і ў галіне тэатра і музыкі", - дадаў дыпламат.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі