18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Атрымальнікам віз для паездак у Турцыю з 5 студзеня прапануюць выкарыстоўваць анлайн-сістэму запісу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У прэс-службе нагадалі, што з 1 чэрвеня 2014 года ўступіла ў сілу пагадненне паміж урадамі Беларусі і Турцыі аб узаемнай адмене віз. У адпаведнасці з дакументам грамадзяне дзвюх краін маюць права ўязджаць, выязджаць, праязджаць транзітам і знаходзіцца на тэрыторыі іншага боку пагаднення на працягу тэрміну, які не перавышае 30 дзён з моманту ўезду ў краіну і пры ўмове, што агульны тэрмін такога знаходжання не перасягае 90 дзён на працягу года.
У той жа час захавалася неабходнасць атрымання візы для паездкі ў Турцыю з мэтай вучобы, навуковай дзейнасці, аб'яднання сям'і і пражывання, а таксама работы (за выключэннем дзейнасці па перавозцы пасажыраў і грузаў).
Паводле інфармацыі пасольства Турцыі ў Беларусі, для падачы дакументаў на атрыманне такіх тыпаў віз з 5 студзеня 2016 года неабходна выкарыстоўваць анлайн-сістэму запісу на сайце www.visa.gov.tr, адзначылі ў прэс-службе.